Здымак праваабаронцы Ігара Казмерчака – на стэндзе «Іх шукае міліцыя»
Пра гэта аршанскаму праваабаронцу і журналісту паведамілі сябры. Сам ён вымушана знаходзіцца ў замежжы пасля шэрагу ператрусаў у межах трох крымінальных справаў. Ужо падчас ягонага знаходжання па-за межамі Беларусі супраць Ігара Казмерчака распачалі новую крымінальную справу – за абразу Аляксандра Лукашэнкі. І абвясцілі актывіста ў вышук, размясціўшы яго фотаздымак на адпаведным стэндзе.
Віцебскія гарадскія ўлады губляюць сувязі з мэрыямі еўрапейскіх гарадоў
Цяпер на сайце Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта змешчаны назва 10 гарадоў-пабрацімаў і 14 гарадоў-партнёраў з розных краін свету. За 1,5 гады, па палітычных прычынах, з Віцебскам разарвалі афіцыйныя адносіны тры гарады. Не выключана, што найбліжэйшым часам па тых жа прычынах сяброўскія адносіны з Віцебскам перапыняць шэраг еўрапейскіх гарадоў.
Гуманітарную дапамогу з Беларусі адвезлі ў непрызнаную «ДНР». Пад савецкім сцягам
Цягам красавіка па ўсёй Віцебшчыне быў афіцыйна абвешчаны збор гуманітарнай дапамогі. У дзяржаўных СМІ пра гэта пісалі вельмі расплывіста: «гуманітарны груз будзе дастаўлены ўкраінскім уцекачам і ў рэгіёны Украіны, якія пацярпелі ад вайсковых дзеянняў». Дапамога збіралася пад эгідай ГА «Белая Русь» і дабрачыннага фонду Аляксея Талая – вядомага паралімпійца і матывацыйнага трэнера, ураджэнца Воршы.