Ягоны жыццёвы шлях ад прастага хлопца з вёскі Ягадкі, які хадзіў у школу за 5 км ад дому, да “блогера, журналиста, критика, литературоведа, музыканта, переводчика, редактора, художника, историка», як ён сам сябe называе, быў даволі пакручастым.
Літвін скончыў каледж лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці „зборшчык абутку“, потым тэхнікум па спэцыяльнасці „канструяванне і тэхналўгія вырабаў са скуры“. У 2012 годзе пайшоў у войска, служыў у “спецназе”, потым некалькі гадоў працаваў канваірам у калоніі “Віцьба-3”. Шукаць лепшай долі падаўся ў Маскву, дзе працаваў ахоўнікам, а вярнуўшыся ў Віцебск, далучыўся да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч. Збіраў подпісы ад імя кампаніі “Говори правду», быў назіральнікам на выбарах. Шмат фатаграфаваўся пад бел-чырвона-белымі сцягамі і здымаў відэаролікі пратэстнага зместу.
Што здарылася потым, невядома, але Дзмітрый Літвін рэзка стаў праціўнікам апазіцыі. Ен пачаў рабіць абразлівыя відэсюжэты пра віцебскіх прадстаўнікоў БХД, называў актывістку Таццяну Севярынец «сектанткай і ерэтычкай», прадстаўніцай «Таталітарнай польскай каталіцкай ератычнай секты”. Пісаў, што «Каталіцызм, каталікі пакланяюцца люцыфэру. Служат антыхрысту (сатане, д'яблу). Каталіцызм – гэта ератычнае веравызнаньне, у аснове якога ляжыць шэраг фальшывых вучэньняў!!!»
Сёлета ў чэрвені Дзмітрыя Літвіна асудзілі, але яўна не за тое, на што калісьці скардзіліся на яго ў міліцыю абражаныя прадстаўнікі БХД. Пакуль Літвін зневажаў апазіцыю, яго погляды былі прымальнымі для ўладаў, але як толькі пачаў крытыкаваць дзяржаўны лад, трапіў пад суд.
10 ліпеня 2026 года яго імя і прозвішча ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. А яшчэ праз месяц, 11 жніўня, яго дадалі ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці" (пад нумарам 1642).
Артыкул 130 Крымінальнага Кодэкса якраз і адносіцца да шэрагу тых, на падставе абвінавачання ці прысуду па якіх чалавека могуць уключыць у так званы "спіс тэрарыстаў". Наяўнасць прозвішча ў гэтым спісе накладае цэлы шэраг абмежаванняў: для іх цалкам блакуюцца любыя фінансавыя аперацыі ўнутры краіны, забараняюцца грашовыя пераводы, больш строгімі робяцца нормы штодзённага побыту падчас адбыцця пакарання.
Васіль Пярвухін