Жыхары Віцебску збіраюць подпісы за аднаўленне скверу на плошчы Перамогі
У інтэрнэце 10 траўня з'явілася петыцыя да мясцовых уладаў з прапановай аднавіць сквер на плошчы Перамогі, які быў знішчаны падчас так званай архітэктурнай перапланіроўкі плошчы ў 2009 годзе. Тады многіх жыхароў абурыла варварская высечка дрэваў. Але мясцовыя чыноўнікі на гэта не звярнулі ўвагу. Усе сабраныя подпісы будуць дасланыя 17 траўня ў Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт.
13 траўня ў Паставах будуць судзіць ксяндза Андрэя Бульчака
Каталіцкага святара вінавацяць паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). Суд над Андрэем Бульчакам павінны быў адбыцца яшчэ 25 сакавіка, але тады справу вярнулі ў Пастаўскі РАУС на дапрацоўку. Праз палітычны пераслед ксёндз Андрэй быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, нават не развітаўшыся з парафіянамі.
Лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў пераведзены ў СІЗА-1
Васіля Бераснева затрымалі 19 красавіка, як і шэраг іншых лідараў і актывістаў незалежных беларускіх прафсаюзаў. Больш як 20 дзён пра ягоны лёс не было афіцыйнай інфармацыі. 10 траўня праваабаронцам стала вядома, што Васіля Бераснева, а таксама былога кіраўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а цяпер перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску.
19 траўня ў Полацку за абразу Лукашэнкі будуць судзіць 28-гадовую Святлану Фірсаву
Крымінальную справу супраць жыхаркі гарадскога пасёлку Ветрына распачалі 15 сакавіка, і ўжо 16 сакавіка яна апынулася за кратамі. Некалькі дзён пасля затрымання Святлана Фірсава знаходзілася ў Полацкім ІЧУ, а потым яе перавялі ў Віцебскі СІЗА. Яе вінавацяць паводле ч.1, арт.368 Крымінальнага кодэксу за каментар у інтэрнэце да відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі, напісаны яшчэ ў 2021 годзе.