Разбіраць справу прызначаны суддзя суду Полацку і Полацкага раёну Уладзімір Бясецкі.
Праваабаронцы адзначаюць, што пад увагу сілавікоў Святлана Фірсава трапіла пасля з’яўлення «праяваў апазіцыйнасці» у Полацкім раёне. Разам з сяброўкай Вольгай Труновай яе абвінавацілі паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу за «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці».
У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, у перыяд з 13 па 30 лістапада 2020 году Фірсава і Трунова неаднаразова, з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наносілі надпісы і выявы на слупах электраперадач, дрэвах, асфальце, лаўках на прыпынках транспарту ў Полацкім раёне. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне. За гэта 2 лютага суддзя суду Полацку і Полацкага раёну Віктар Баліка аштрафаваў Святлану Фірсаву на 200 базавых велічынь і Вольгу Трунову – на 190 базавых велічынь.
Прычым суддзя не толькі асудзіў дзяўчат, але і напісаў пра іх артыкул, надрукаваны ў мясцовай дзяржаўнай газеце «Полацкі веснік». Віктар Баліка сцвярджае, што ягоныя падсудныя здзейснілі злачынства тым, што «нанеслі на пабудовы і іншую маёмасць у г.п. Ветрына гарызантальныя палосы белага і чырвонага колераў у форме бел-чырвона-белага сцяга», і што на асфальце яны «нанеслі надпісы, якія выкарыстоўваліся ў якасці лозунга ў час Вялікай Айчыннай вайны калабарцыянісцкімі арганізацыямі і іншымі асобамі, лаяльнымі да нямецкіх акупацыйных уладаў».
Справу Святланы Фірсавай за абразу Аляксандра Лукашэнкі даследаваў полацкі следчы камітэт. У праваабаронцаў ёсць звесткі, што супраць яе спрабавалі распачаць яшчэ адну крымінальную справу – паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы»).
Андрэй Кот