У Чашніках будуць судзіць «за распаўсюд экстрэмізму» былога намесніка старшыні райвыканкаму
Карыстальнікі сацыяльных сетак звярнулі ўвагу на супадзенне прозвішча, імя і імя па бацьку намесніка старшыні Чашніцкага райвыканкаму і асобы, выкліканай у раённы суд за парушэнне ч.2 арт. 19.11 КаАП. Тым часам інтэрнэт-рэсурс mediazona.by спраўдзіў інфармацыю: насамрэч, адміністрацыйны пратакол складзены на былога чыноўніка, якога вінавацяць за «лайк» пад паведамленнем 2013 г. З тае пары прайшло 10 гадоў, і інфармацыйны рэсурс, дзе выказаў свае сімпатыі Аляксандр Іванавіч Сівашэнка, быў прызнаны «экстрэмісцкім». Судовы працэс прызначаны на 21 чэрвеня.
У Паставах міліцыянты патрулююць пляжы і вядуць за імі відэаназіранне
На Пастаўшчыне райвыканкам вызначыў чатыры месцы масавага адпачынку грамадзян, дзе дазволена купацца. Гэта пляжы ракі Мядзелкі ў гарадскім парку, азёр Задзеўскае з боку вуліцы Зялёнай у Паставах, Белае з боку СТК “Азёркі” і Дубок. І там зараз рэгулярна праз 2 гадзіны з’яўляюцца міліцыянты. А калі паветра прагрэецца да 28 градусаў цяпла, то міліцыянты будуць знаходзіцца на пляжах пастаянна.
Паўла Севярынца збіраюцца пераводзяць на турэмны рэжым
Зараз палітвязень, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пісьменнік і журналіст Павел Севярынец знаходзіцца ў Шклоўскай калоніі. Але 21 чэрвеня мае адбыцца суд па замене рэжыму ўтрымання і пераводзе ў іншую папрўчую ўстанову.
Міліцыя адмовілася шукаць вінаватых у вандалізме ў «віцебскіх Курапатах»
У траўні гэтага году наведнікі народнага мемарыялу, узведзенага ў памяць пра ахвяр сталінізму, расстраляных каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, убачылі скрушную карціну. Невядомыя вандалы паламалі некалькі крыжоў, знішчылі мемарыяльныя шыдьды і ўказальнікі да ямін у лесе, дзе ў 1930-я гады адбываліся расстрэлы так званых «ворагаў народу». Гэтыя факты пацвярджаюцца ўспамінамі мясцовых жыхароў і іх нашчадкаў. Але мемарыялізаваць гэтыя мясціны ўпарта не пагаджаюцца мясцовыя ўлады: яны не заўважаюць існавання месца трагедыі. Цяпер і аддзел міліцыі Віцебскага раёну адмовіўся праводзіць праверку па фактах вандалізму.
Рэдактары дзяржСМІ збіраліся ў Браславе. Болей адпачывалі, чымсьці раіліся
У Браславе прайшла «лятучка» для рэдактараў рэгіянальных дзяржаўных СМІ Віцебскай вобласці. Арганізатарам імпрэзы стала галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкаму, і чыноўнікі прапанавалі абмеркаваць праблему, сфармуляваную як «Стан і развіццё сучасных рэгіянальных СМІ ва ўмовах трансфармацыі медыясферы». Але прафесійная размова была толькі часткай праграмы: рэдактараў з усёй вобласці вазілі па аграсядзібах і турыстычных цікавостках – на гару Маяк, у парусную школу «BraslavWave», іх паказальна кармілі беларускімі прысмакамі... Час правялі няблага, як цяпер дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі прэс-тура. А што ж вырашылі наконт «стану і развіцця сучасных рэгіянальных СМІ»?