Аўторак, 20 Чэрвень 2023

У Паставах міліцыянты патрулююць пляжы і вядуць за імі відэаназіранне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На Пастаўшчыне райвыканкам вызначыў чатыры месцы масавага адпачынку грамадзян, дзе дазволена купацца. Гэта пляжы ракі Мядзелкі ў гарадскім парку, азёр Задзеўскае з боку вуліцы Зялёнай у Паставах, Белае з боку СТК “Азёркі” і Дубок. І там зараз рэгулярна праз 2 гадзіны з’яўляюцца міліцыянты. А калі паветра прагрэецца да 28 градусаў цяпла, то міліцыянты будуць знаходзіцца на пляжах пастаянна.

Як кажа намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Яўген Малікаў сайту мясцовай раённай газеты, яны сочаць за тым, каб грамадзяне не распівалі на берагах вадаёмаў спіртныя напоі, не купаліся ў нецвярозым стане, не выпускалі з полю зроку дзяцей, не пакідалі без нагляду мабільныя тэлефоны, сумачкі, іншыя асабістыя рэчы, а таксама ровары. І хоць пакуль наведвальнікаў на вадаёмах няшмат, яны ўжо паспелі скласці два адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 19.3 КаАП за знаходжанне на пляжы ў стане алкагольнага ап’янення. Па словах міліцыянта, затрыманым асобам вынесеныя папярэджанні.

Паводле Яўгена Малікава, пляжы возера Задзеўскага і ракі Мядзелкі сёлета абсталявалі сістэмамі відэаназірання з вывадам на пульт аператыўна-дзяжурнай службы РАУС. А на пляжах азёр Дубок і Белае з’явіліся фотапасткі.

Таксама на берагах пералічаных вадаёмаў устаноўленыя стэнды з нумарамі тэлефонаў пастаўскага РАУС і іншых экстраных службаў. Як кажа міліцыянт, па іх ужо зараз грамадзяне могуць паведамляць пра ўчыненыя злачынствы або здарэнні.

Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС зазначыў і тое, што яны кантралююць не толькі дазволеныя для купання месцы, але і тыя, дзе  купацца забаронена.

Напрыканцы ён нагадаў, што за купанне ў нецвярозым стане згодна з артыкулам 24.42 КаАП Беларусі  прадугледжаны штраф ад 1 да 3 базавых велічыняў. А за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах (артыкул 19.3 КаАП) - да 8 базавых велічыняў.

Ларыса Палявая