Па 20 базавых велічыняў штрафу прысудзілі віцебскім актывістам Яну Дзяржаўцаву і Віталю Каваленку. Іх абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету. 26 красавіка яны проста стаялі з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль». Актывістаў судзіла Іна Грабоўская, вядомая ў Віцебску сваімі шматлікімі абвінаваўчымі пастановамі ў дачыненьні да апазіцыянэраў. Ян Дзяржаўцаў і Віталь Каваленка зьбіраюцца абскардзіць судовае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях.

Трынаццатая абласная ваенна-спартовая гульня “Зарніца”, прысьвечаная 68-й гадавіне перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне, стартуе 16 траўня ў Віцебску, паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Удзельнікамі спаборніцтваў стануць каля 25 каманд па 7 чалавек кожная, якія прадстаўляюць установы адукацыі рэгіёнаў вобласьці. Дзеці паспаборнічаюць у марш-кідку зь перашкодамі (даўжыня дыстанцыі 1500-2000 м). Камандам неабходна прайсьці некалькі этапаў: транспартоўка пацярпелага, стральба з пнэўматычнай вінтоўкі, пераправа, паласа перашкод, кіданьне гранаты, фарсіраваньне броду, усталёўка намёту, разборка і зборка аўтамату.

Старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Зазуля ад імя дэпутатаў – сябраў камісіі падзякаваў Леаніду Сьвеціку за праяўленую ім ініцыятыву і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка законапраекту «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь», і праваабаронца накіроўваў у парлямэнт прапанову аб тым, якія зьмены, на яго думку, варта зрабіць.

Восем праціўнікаў ўстаноўкі ў Віцебску помніку Вялікаму князю Літоўскаму і князю Віцебскаму Альгерду зьвярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Сярод чалабітчыкаў ёсьць нават ветэран «Аэрафлоту». Да кіраўніка дзяржавы аўтары ліста зьвяртаюцца як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, зрэшты часта яны блытаюцца і называюць нашу краіну «Белоруссія».

Выстава “Сьвятло сьвету” аб навамучаніках і вызнаўцах, ураджэнцах Віцебскай вобласьці, адкрылася 15 траўня ў храме Праабражэньня Гасподняга, паведамілі ў Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Яна зладжаная ў Віцебску ў рамках XI Велікоднага фэсту. Выстава арганізаваная пры садзейнічаньні аддзелу рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай эпархіі, а таксама цэнтру праваслаўнай асьветы прападобнай Эўфрасіньні Полацкай.

У Віцебску мясцовыя актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца 15 траўня, правялі акцыю ў абарону сямейных каштоўнасьцяў. Ля віцебскай ратушы – месца адпачынку гараджанаў – яны раздавалі брашуры БХД “За сямейныя каштоўнасьці”. Як паведаміла каардынатарка аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец, усяго было раздадзена каля сотні такіх брашураў.

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў позву ў Кастрычніцкі райсуд на 15 гадзін 17 траўня. Судзьдзя Алена Протас мае разгледзець міліцэйскі пратакол, складзены на актывіста “за парушэньне заканадаўства аб СМІ”.

Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.

Раённыя аддзелы Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі аб’ядноўваюцца ў гарадзкія. Адпаведны ўказ № 217 “Аб удасканаленьні сыстэмы Сьледчага камітэту” кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падпісаў 8 траўня, паведамілі ў прэсавай службе беларускага лідэра. “Дакумэнтам прадугледжанае аб’яднаньне раённых аддзелаў Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі ў адпаведныя гарадзкія аддзелы Сьледчага камітэту”, - праінфармавалі ў прэс-службе. З прыняцьцем гэтага ўказу завяршаецца рэарганізацыя тэрытарыяльных падразьдзяленьняў Сьледчага камітэту ў абласных цэнтрах і гарадох абласнога падпарадкаваньня.

Парушэньні працоўнай дысцыпліны выяўленыя ў РУП “Віцебскаўтадар”, паведаміла пракурор аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласьці Натальля Калпакова. Парушэньні на прадпрыемстве і яго структурных падразьдзяленьнях у рэгіёнах вобласьці былі выяўленыя пры правядзеньні праверкі выкананьня патрабаваньняў працоўнага заканадаўства, заканадаўства аб ахове працы, дырэктыў № 1 “Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны” і № 3 “Эканомія і ашчаднасьць - галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы”, заканадаўства аб прафіляктыцы правапарушэньняў і аб захаванасьці ўласнасьці.