Субота, 21 Снежань 2024

Прызначаны суд над ксяндзом Анджэем Юхневічам з Шуміліна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Святару, якога затрымалі сёлета ў траўні і некалькі разоў судзілі па палітычных "адміністратыўках", цяпер інкрымінуюць зусім іншае. Суддзя Шумілінскага райсуда Інна Грабоўская будзе разбіраць крымінальную справу, распачатую паводле абвінавачанняў супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых. Судовы працэс абвешчаны закрытым.

Паводле за распусныя дзеянні ( ч.2 арт. 169 КК), за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ( ч.2 арт.167 КК), дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту (ч.2 арт.168 КК).

Яшчэ ў кастрычніку стала вядома, што пробашчу шумілінскай парафіі Маці Божай Фацімскай Анджэю Юхневічу, які на той час ужо 6 месяцаў знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА, пагражаюць выстаўленнем абвінавачанняў супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.

Да таго святара некалькі разоў судзілі па палітычных адміністрацыйных артыкулах, падаўжаючы арышты адзін за адным. Першы арышт на 15 сутак суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна прысудзіла ксяндзу з Шуміліна 10 траўня за «пікет, праведзены ў сацсетках». Ксёндз Анджэй Юхневіч, затрыманы 8 траўня, з тае пары на волю так і не выйшаў.

Затрыманне ксяндзоў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай. Ксёндз Павел Лемех таксама трапіў пад адміністрацыйны пераслед, але пасля першага арышту выйшаў на волю.

У пачатку ліпеня парафіяне даведаліся, што на Анджэя Юхневіча аказваюць ціск, і ён «у знясіленым стане».

Анджэй Юхневіч — святар ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, пробашч дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божаў Фацімскай у Шуміліна, кіраўнік каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі.

Ларыса Горына