Субота, 21 Снежань 2024

У Докшыцах зачынілі радзільны дом і акушэрскае аддзяленне. Кажуць, што гэта палепшыць якасць медычных паслуг

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Чытачка паскардзілася ў раённую газету на тое, што ў Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы няма некаторых урачоў вузкай спецыялізацыі. Слова ў адказ далі намесніцы галоўнага ўрача медустановы Інне Кучыц. І тут аказалася, што ўсё яшчэ горш, чым выглядала з ліста жыхаркі Докшыччыны.

Да прыкладу, хворых пасля інсульту, якім патрабуецца ў тым ліку і дапамога родных, з Докшыцаў вязуць у Лепельскі шпіталь, а хворых з інфарктам, адразу пасля рэанімацыі адпраўляюць у Наваполацк ці Віцебск. Пацыентаў з вострай хірургічнай паталогіяй, пракладам, з апендыцытам, таксама накіроўваюць у Лепель. Намесніца кіраўніка Докшыцкай бальніцы сцвярджае, што малая колькасць шпіталізаваных пацыентаў не вымагае ўтрымання пустых палат. Маўляў, скарачэнне ложкавага фонду дае магчымасць перанакіраваць вызваленыя фінансавыя сродкі на больш запатрабаваныя віды медыцынскай дапамогі. Пацыенты працягваюць атрымліваць паслугі ў поўным аб’ёме, але не «дома».

Зрэшты, «дома» і без таго ўсё не проста: да адзінага неўролага жыхары раёна не могуць трапіць месяцамі, бо «неўролаг зараз знаходзіцца на курсах павышэння і перападрыхтоўкі, да выканання сваіх абавязкаў прыступіць у канцы снежня», кажа галоўны ўрач ЦРБ. Непасрэдна эндакрынолага і оталарынголага ў штаце бальніцы няма, але навыкамі працы па гэтых сумежных вузкіх спецыяльнасцях валодаюць урачы агульнай практыкі. Яны «не толькі тэрапеўты, але і оталарынголагі, неўролагі, дэрматалогі, кардыёлагі, афтальмолагі», сцвярджае Інна Кучыц. Толькі раз на месяц у райцэнтр прыязжае эндакрынолаг, каб правесці прыём, астатнія адмыслоўцы - «па неабходнасці», гэта значыць яшчэ радзей.

Да Докшыцкай ЦРБ прымацаваны тры машыны хуткай дапамогі. Але падпарадкоўваюцца яны даспетчарскаму цэнтру, які знаходзіцца ў Глыбокім.

Такія захады аптымізацыі сістэмы аховы здароўя, на думку намесніцы галоўурача Докшыцкай раённай бальніцы, толькі спрыяюць павышэнню даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі.

Сняжана Дубавец