Чацвер, 27 Люты 2014

У Глыбокім забаранілі пікет да Дня Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прычына забароны ўжо традыцыйная: адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцыі мэдыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Пры гэтым раённае міліцэйскае кіраўніцтва наўпрост заявіла ініцыятарам пікету, што заключаць папярэднія дамовы адмаўляецца.

Па дазвол на сьвяточную акцыю да Дня Волі зьвярталіся мясцовыя актывісты Яраслаў Берніковіч і Зьміцер Лупач. Яраслаў Берніковіч, які атрымаў адказ на прапанову аб заключэньні дамовы, распавёў:

“Начальнік РАУС Васюковіч піша, што законам аб масавых мерапрыемствах прадугледжаны пэўны парадак іх арганізацыі. І што ў законе няма такога патрабаваньня, каб дамовы на ахову правапарадку падчас нейкіх акцыяў заключаліся зь міліцыяй яшчэ да таго, як мясцовыя ўлады вырашаць, дазволіць мерапрыемства ці не. Гэта лягічна, бо навошта заключаць дамовы, калі яшчэ невядома, ці будзе тая акцыя. Аднак нашы мясцовыя ўлады законам не кіруюцца! Яны лічаць, што вышэй за любыя законы рашэньне Глыбоцкага райвыканкаму № 167. Гэта там напісана, што разам з заяўкай на акцыю трэба падаваць ўжо заключаныя дамовы з мэдыкамі, камунальнымі службамі і міліцыяй. Значыць, як у прымаўцы: закон райвыканкаму не пісаны. А мы, звычайныя грамадзяне, апынуліся ў безвыходным становішчы. Бо, як ні круці, дазволу на акцыі без дамоваў выканкам ня дасьць, а дамаўляцца папярэдне тыя ж міліцыянты катэгарычна адмаўляюцца, спасылаючыся на заканадаўства!”

Актывіст кажа, што літаральна такі самы адказ быў атрыманы зь міліцыі і наконт забароненай акцыі да Дня Канстытуцыі 15 сакавіка. Усё аднолькавае, слова ў слова: міліцыя спасылаецца на закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў і абсалютна нічога ня кажа пра рашэньне мясцовых уладаў. Для супрацоўнікаў міліцыі закон, безумоўна, вышэйшы. А выканкам стварыў нейкі свой парадак арганізацыі масавых акцыяў, у выніку чаго правесьці іх стала папросту немагчыма.

Такая самая сытуацыя, калі выканкамы “ўкліньваюцца” паміж патрабаваньнямі закону аб масавых акцыях і грамадзянамі, якія жадаюць іх правесьці, склалася і ў Віцебску, і ў Воршы. Актывісты вымушаныя зьвяртацца ў суд, каб змусіць службы, названыя ў рашэньнях мясцовых уладаў, да заключэньня дамоваў. Аднак суды не пагаджаюцца гэта рабіць: актывістам тлумачаць, што заключэньне дамоваў – справа добраахвотная. А да ўсяго, у пераліку відаў дзейнасьці мэдработнікаў або міліцыі ўвогуле няма такой паслугі, як платная ахова правапарадку ці дзяжурства ўрачоў паводле дамоўленасьці з прыватнай асобай.

spring96.org