15.01.2025 Тэгі: правы чалавека, аналітыка Коратка:
- Аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі выяўленыя грубыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавецтва, здзейсненыя ўладамі Беларусі.
- Праваабарончаму цэнтру «Вясна» на канец 2024 года вядома пра 6 550 асуджаных да розных відаў пакарання паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, 1 380 з іх — жанчыны. У мінулым годзе былі асуджаныя 1 721 чалавек, з іх 480 жанчын.
- На канец снежня 2024 года ў Беларусі ў месцах зняволення знаходзіліся 1 265 палітвязняволеныя, з іх 168 — жанчыны. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3697 чалавек, з іх 680 жанчын.
- У калоніі ўтрымліваецца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
- Па даных «Вясны», летась з рознымі відамі рэпрэсій, звязанымі з крымінальным ці адміністрацыйным пераследам (арыштамі, допытамі, ператрусамі) сутыкнуліся не менш за 8 895 чалавек. Чвэрць рэпрэсаваных — жанчыны. Судамі вынесена не менш за 5 890 адміністрацыйных пастановаў.
- Палітычных зняволеных утрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад асабліва строгім кантролем, на іх накладаюцца не прадугледжаныя законам абмежаванні; у выніку многія палітвязні ў дысцыплінарным парадку пазбаўлены належных па законе пасылак, перадач, у тым ліку з лекамі, спатканняў з роднымі, мужам ці жонкай, а таксама адвакатамі; перапіска палітвязняў адвольна абмежавана. Больш за 10 палітвязняў утрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Чацвёра палітвязняў памерлі ў калоніях і СІЗА.
- Палітвязні падвяргаюцца прымусовай малааплатнай працы; пасля вызвалення па адбыцці пакарання, палітвязні трапляюць пад строгі кантроль, які выходзіць за межы звычайнага нагляду за вызваленымі асуджанымі; правы асуджаных дадаткова абмяжоўваюцца наступствамі ўключэння ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
- Суды працягваюць функцыянаваць у якасці інструмента рэпрэсій у дачыненні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў.
- Колькасць НДА ў Беларусі скарачаецца, дзейнасць многіх асацыяцый адвольна крыміналізуецца ўладамі.
- Працягваецца пераслед за мірнае выказванне меркаванняў, а таксама пад выглядам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам і абароны інтарэсаў нацыянальнай бяспекі.
- Узмацніліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў.
- Улады Беларусі па-ранейшаму здзяйсняюць катаванні і ўжываюць забароненае абыходжанне ў дачыненні да іншадумцаў і прадстаўнікоў апазіцыі; няма выпадкаў расследавання і прыцягнення да адказнасці на нацыянальным узроўні асобаў, вінаватых у шырокамаштабных катаваннях і іншых найгрубейшых парушэннях правоў чалавека ў жніўні 2020 года і ў наступныя гады.
- Дыскрымінацыя ў розных сферах захоўваецца, дзяржава не робіць захадаў па яе недапушчэнні.
- Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прадставіла экспертную ацэнку выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама ажыццяўляе назіранне за выбарамі прэзідэнта, прызначанымі на 26 студзеня 2025 года.
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе Дакумент