15.01.2025 Тэгі: пераслед, гісторыі вязняў Жыхарка Мінска Ксенія Каменка прымала актыўны ўдзел у падзеях жніўня 2020, хадзіла на акцыі салідарнасці, валанцёрыла ў шпіталі. На шчасце, тады абыйшлося без затрыманняў. Але пасля расійскага ўварвання ва Украіну яна не вытрымала і выйшла на адзіночны пікет з плакатам “Не вайне з Украінай”, дзе яе і затрымалі. Ксенія распавядае “Вясне” пра свой пераслед, свае перажыванні, пачуцці і рашэнне пакінуць Беларусь.
Усё пачалося ў жніўні 2020 года
Улетку 2020 года Ксенія Каменка, студэнтка трэцяга курса Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, прыехала дамоў ў Мінск на вакацыі. Тады яна паспяхова вывучала ў Гродне гістарычныя навукі. Але пасля абвяшчэння вынікаў выбараў пачаліся падзеі, якія не абмінулі і дзяўчыну. Яна выходзіла на акцыі пратэсту, а потым пачала валанцёрыць у Шпіталі хуткай дапамогі, куды прывозілі шмат збітыз і параненых ад гвалту сілавікоў людзей.
“Пасля 14 жніўня я бачыла як з Акрэсціна і іншых месц прывозілі ў шпіталь збітых людзей і гэта было вельмі страшна, але тады я жыла ілюзорнай надзеяй, што мяне не затрымаюць. Так яно і атрымалася. У 2020 годзе ўсё абыйшлося добра. Я вярнулася ў Гродна на вучобу”, – распавядае Каменка.
"Не вайне з Украінай"
27 лютага 2022 года, на трэці дзень ваеннай агрэсіі, якую Расея супраць незалежнай Украіны, Ксенія выйшла ў цэнтр Горадні на Савецкую плошчу з плакатам “Не вайне з Украінай”.
“У тыя дні ў мяне быў асаблівы эмацыйны стан – пачалася вайна, а ў мяне вельмі шмат сяброў ва Украіне, гэта краіна, дзе я часта бывала, і я ўвогуле не разумела, што раптам адбылося. Гэта была такая абарончая рэакцыя, мой асабісты пратэст і спроба абараніць свае перакананні. Таму і страху асаблівага я не адчувала.
Пасля галасавання на рэферэндуме я дастала з заплечніка плакат і прастаяла з ім некалькі хвілін, перш чым на мяне звярнулі ўвагу супрацоўнікі ў форме. Яны сказалі, што я парушаю закон, і абвінавацілі ў “незаконным пікетаванні”. Мяне павялі з плошчы на бакавую вуліцу для чакання нараду.
Быў невялікі шок. Калі прывезлі ў РАУС мне стала страшнавата, таму што памятала, як гэта было ў 2020 годзе і я баялася што і са мной нешта будуць рабіць. Але абыйшлося без фізічнага гвалту, былі цынічныя насмешкі і маральна было цяжка”, – узгадвае тыя падзеі Ксенія.
У РУУС Ленінскага раёна Горадні Ксенію абшукалі, забралі тэлефон і пачалі допыт. У тэлефоне знайшлі падпіскі на тэлеграм-каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Дзяўчыну запалохвалі і пагражалі, спрабуючы выведаць інфармацыю пра чат-бот “План Перамога”. Пад ціскам яна напісала, што зарэгістравалася ў гэтым чат-боте, хаця завяршыць рэгістрацыю не паспела.
Пасля складання пратакола Ксенію адвезлі ў Гродненскае СІЗА на трое сутак да суда. Тады ў СІЗА прывозілі шмат людзей, бо ІЧУ ўжо было перапоўненае.
“У камеры было вельмі холадна. Спалі мы па двое на адных нарах з сукамерніцай. Складалі разам па два тоненькія матрацы, каб жалеза моцна не ўгрызалася ў цела. Ну і крыху было цяплей. Там у камеры адбывалі арышт жанчыны, якіх таксмама затрымалі падчас рэферэндуму, прычым адна з іх патрапіла пад затрыманне проста выпадкова, але гэта нікога не цікавіла”, – распавядае дзяўчына.
Першага сакавіка адбыўся суд, на якім ёй прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічыняў. Але гэта быў толькі пачатак:
– Раніцай 2 сакавіка з ператрусам прыйшоў ГУБАЗ у інтэрнат, дзе я жыла. Мяне забралі з лекцыі. Пачаліся новыя допыты, пагрозы і патрабаванні запісаць “пакаяльнае відэа”. Затым мяне адвезлі ў Следчы камітэт, дзе паказалі крымінальную справу па артыкуле 361.1 КК РБ, пагражалі пасадзіць гадоў на сем. Мне далі статус сведкі і прымусілі падпісаць дакумент аб неразгалошванні.
Вельмі хутка, 9 сакавіка Ксеніі вынеслі ў універсітэце вымову за “прагулы” з 27 лютага па 1 сакавіка. А 17 сакавіка ўніверсітэцкая Рада прафілактыкі прагаласавала за маё адлічэнне. Сярод прычын: удзел у ланцужку салідарнасці ў жніўні 2020 года, валантэрства ў шпіталі пасля рэпрэсій АМАПу, выкананне “апазіцыйных” песень.
Пасля адлічэння арышту і допытаў дзяўчына адчувала моцную паніку і нават не магла заставацца адна ў пакоі.
"Пасля пераезду адчувала манію пераследу, трывогу і шок"
Чацвертага красавіка да бацькоў Ксеніі ў Мінску прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны прышлі як бы паразмаўляць з бацькамі. Яе дома не было, бо наўмысна з’ехала раніцай з дому, інакш гэта магло скончыцца новым затрыманнем. Разумеючы, што заставацца ў Беларусі небяспечна, Ксенія хутка аформіла дакументы для выезду і чацвертага траўня пакінула краіну.
“Я прыехала ў Польшчу адна, не было сяброў, трэба было вучыць мову, уладкоўвацца на працу. Тут канечне спакойней, і я разумею, што зрабіла правільна. Але ўсё адно… Псіхалагічны стан пасля ад’езду быў вельмі няпросты. Некаторы час адчувала, трывогу. Складана было, што і мову вучыць трэба было і апроч аднае сяброўкі нікога не ведала. Месяцы праз тры прышло адчуванне, што няма чаго хвалявацца, што я ў бяспецы.
Але надыйшла зіма і недзе праз паўгады пасля пераезду мяне моцна накрыла. Была такая псіхалагічная яма, вось каляды, вакол усе святкуюць, а ты застаешся адна. Давялося нават звяртацца да псіхолага”, – распавядае Ксенія.
У жыцці дзяўчыны ў эміграцыі быў вельмі складаны перыяд: ў сакавіку 2023 года памёр хросны тата, які быў для яе вельмі блізкім чалавекам, а ў лютым 2024 года яна страціла яшчэ аднаго блізкага чалавека – бацьку. Ягоная смерць стала другім цяжкім ударам, і да гэтага часу Ксенія адчувае боль страты. Апроч гэтага ўзніклі праблемы са здароўем, якія таксама не дадаюць пазітыву – кожныя паўгода яна павінна абследавацца з-за падазрэння на анкалагічную хваробу. У апошні час з’явіліся таксама праблемы і з працай.
“Але я не здаюся. Нават пазбавіўшыся дому, вучобы і звыклага жыцця, я застаюся вернай сваім прынцыпам”, – пазітыўна заяўляе дзяўчына.
“Байсол” адкрыў для Ксеніі Каменка збор: дзяўчыне трэба тэрміновая дапамога, каб выжыць у час затрымкі заробку і аплаціць неабходнае медычнае абследаванне.
Крыніца: Ксенія Каменка: "Гэта быў мой асабісты пратэст і спроба абараніць свае перакананні"