«Народныя навіны Віцебска» - адзін з найстарэйшых недзяржаўных медыярэсурсаў рэгіёна, ён існуе з 2008 года. Заснавальнікам і нязменным рэдактарам інтэрнэт-выдання з'яўляецца фатограф Сяржук Серабро, які падтрымлівае рэсурс пераважна за кошт уласных высілкаў – без прыцягнення вонкавых сродкаў.
Рэдактара «Народных навінаў Віцебска» некалькі разоў затрымлівала міліцыя падчас фотаздымак для свайго рэсурса. Таксама яго некалькі разоў афіцыйна папярэджвалі пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, хаця на ўсіх гарадскіх імпрэзах ён прысутнічаў выключна ў якасці фатографа.
За ўсе гады свайго існавання сайт «Народныя навіны Віцебска» асвятляў самыя розныя ракурсы жыцця Віцебска і вобласці. Яго «фішкай» часта бывалі паведамленні пра дзяржзакупкі для органаў улады, рэгулярна публікаваліся звесткі пра грамадскія і культурніцкія падзеі. Пасля 2020 года рэдакцыя цалкам адышла ад палітычнай і вострай сацыяльнай праблематыкі - на сайце публікаваліся хіба толькі навіны пра штодзённыя падзеі і надзвычайныя здарэнні.
Алег Бараноўскі