Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў старшыню Віцебскага аблвыканкама аб адказнасьці за невыкананьне ўзятых на сябе забавязаньняў. Адпаведныя заявы былі зробленыя Лукашэнкам 27 траўня на выязной нарадзе па праблемах кормавытворчасьці і павышэньня эфэктыўнасьці жывёлагадоўлі.

Больш за 60 чалавек прыйшлі ў Віцебску на першы занятак бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». Вядоўцамі выступілі стваральнікі менскіх курсаў Алеся Ліцьвіноўская і Глеб Лабадзенка. У сталіцы курсы праходзяць са студзеня 2014 году. Канцэпцыя заняткаў - неакадэмічнае вывучэньне беларускай мовы.

Прапанова аб стварэньні ў Віцебску арэнднага або сацыяльнага шматкватэрнага дому для ўцекачоў з роўным фінансавым удзелам Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў (УВКУ) і мясцовых уладаў будзе разгледжаная на ўзроўню міжнароднай арганізацыі, паведаміла намесьнік начальніка ўпраўленьня занятасьці насельніцтва камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму Людміла Зайцава. Гатоўнасьць разгледзець такі варыянт дапамогі вымушаным мігрантам агучыў прадстаўнік УВКУ у Рэспубліцы Беларусь Жан Іў Бушардзі.

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, распавяла пра няўдалыя спробы сына пачаць навучаньне ў калёніі: «Адразу ён спрабаваў працаваць па спэцыяльнасьці, якая блізкая да ягонай адукацыі, а ён закончыў радыётэхнічны. Але яго ня бралі ні на якую. А летась узялі ў ПТВ на краўца, але празь месяц адхілілі ад вучобы. Ведаю, што ён падаваў заяву на навучаньне на краўца, але зноў не ўзялі».

Дзьве папраўчыя калёніі будуць ліквідаваныя ў Беларусі, на іх базе будуць створаныя ЛПП. Такое рашэньне зьмяшчаецца ва ўказе кіраўніка беларускай дзяржавы №242 “Аб удасканаленьні дзейнасьці крымінальна-выканаўчай сыстэмы Міністэрства ўнутраных спраў”, падпісаным 28 траўня, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта.

Няякасныя кармы і нізкая прафэсійная падрыхтоўка кадраў не дазваляюць Віцебскай вобласьці дасягаць добрых эканамічных паказчыкаў у жывёлагадоўлі. Пра гэта заявіў у Віцебску міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Заяц, які 23 траўня ўзяў удзел у працы абласнога сэмінару па пытаньнях нарыхтоўкі кармоў.

Эўрапейскі клюб на вуліцы Сеньненскай наладзіў чарговую цікавую імпрэзу для зацікаўленых віцебчукоў. Цяпер гэта быў выступ менскага Тэатру пана Скіргайлы Палянэцкага-Мацкевіча. Уласна самому выступу папярэднічала грунтоўная дзьвюхгадзінная лекцыя пра гісторыю батлейкі, прыёмы маніпуляцыі нашае сьвядомасьцю, а таксама пра найбольш пашыраныя памылкі пры вырабе ўласных батлеек і лялек для іх.

Згодна з графікам паэтапнага адключэньня аналягавага тэлевізійнага вяшчаньня на тэрыторыі Віцебскага раёну з 1 чэрвеня 2014 году спыняецца вяшчаньне дзяржаўных праграм аналягавай тэлевізіі «СТБ» (41 частотны канал), «НТВ-Беларусь» ( 26 частотны канал), «Беларусь-2» (31 частотны канал) з радыётэлевізійнай перадаючай станцыі (РТПС) у г. Віцебску.

Беларуская чыгунка і ДАТ “Латвійская чыгунка” заключылі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры электрыфікацыі напрамку Полацак — Дзьвінск (Даўгаўпілс). Паводле інфармацыі прэс-цэнтра БЧ, асноўнымі мэтамі дакумэнту зьяўляюцца павышэньне экалягічнай бясьпекі і канкурэнтаздольнасьці чыгуначнага транспарту, разьвіцьцё інфраструктуры прымежных участкаў на згаданым напрамку.

У старажытным Полацку з 23 па 25 траўня праходзіў фэст сярэднявечнай культуры «Рубон». Імпрэза ладзілася ля муроў Сафійскага сабору, уваход на тэрыторыю сьвята каштаваў 3 даляры ў беларускім эквіваленце. Асноўныя падзеі фэсту адбыліся ў суботу: турніры, конкурсы, канцэрты, тэатральныя шоў. У нядзелю, апошні дзень сьвяткаваньняў, людзей вакол сафійкі было зусім няшмат: стаяла сьпякота, і многія хаваліся ў цень.