15.01.2025 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, зборныя матэрыялы У Беларусі за "акты тэрарызму" і замаху на іх асудзілі 71 чалавека. Паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу судзілі анарха-партызан, фігурантаў "справы Аўтуховіча", рэйкавых партызан, фігурантаў "справы Мачулішч", "справы Гайдукевіча", "справы АГСБ" і іншых. У тым ліку паводле "тэрарыстычнага артыкула" да смяротнага пакарання асудзілі лекара Рыка Крыгера, а пасля памілавалі і вызвалілі ў межах абмену. З 73 асуджаных паводле палітычных матываў налічваецца восем жанчын, сем — замежных грамадзян, дзевяць — асуджаных завочна. "Вясна" распавядае пра іх. 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя spring96.org

"Акты грамадзянскага непадпарадкавання прыраўноўваюць да тэрарызму"

Праваабаронцы ў сваім дакладзе адзначалі, што хаця насамрэч Беларусь не знаходзіцца пад пагрозай міжнароднага тэрарызму, беларускія ўлады актыўна абвяшчаюць прадэмакратычных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў тэрарыстамі, а акты грамадзянскага непадпарадкавання прыраўноўваюць да тэрарызму.

"Гэта прасочваецца як у шэрагу заяваў вышэйшых службовых асобаў, гэтак і ў крымінальных справах аб дзяржаўнай здрадзе, спробе гвалтоўнага захопу ўлады і г. д."

Паводле праваабаронцаў беларускія палітычныя справ — выпадкі планаваных і ажыццёўленых актаў грамадзянскага непадпарадкавання (у большасці выпадкаў негвалтоўнага характару) — раздзімаюцца да ўзроўню сур'ёзнай пагрозы нацыянальнай бяспецы ўсёй краіны.

"Такое пазіцыянаванне з'яўляецца часткай больш шырокай стратэгіі, пры якой адсутная пагроза міжнароднага тэрарызму не перашкаджае абвінавачванням у тэрарызме ў адрас прадэмакратычных палітыкаў і актывістаў, дэманструючы імкненне трактаваць акты грамадзянскага непадпарадкавання як тэрарыстычную пагрозу".

Восем асуджаных жанчын

Агулам паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) былі асуджаныя восем жанчын. Першыя прысуды жанчынам на вялікія тэрміны вынеслі ў Гродненскім абласным судзе 17 кастрычніка 2022 года. Па "справе Аўтуховіча", у тым ліку паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса, былі асуджаныя тры жанчыны: 63-гадовая Галіна Дзербыш, 60-гадовая Любоў Рэзановіч, 69-гадовая Ірына Мельхер. Згодна версіі абвінавачвання, Мікалай Аўтуховіч і члены "арганізаванай групы" ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя члены злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.

Любоў Рэзановіч
Любоў Рэзановіч на судзе

Любові Рэзановіч прызначылі 15 гадоў калоніі, Ірыне Мельхер — 17 гадоў, Галіне Дзербыш — 20 гадоў. Усе яны адбываюць тэрміны ў гомельскай жаночай калоніі № 4, ва ўсіх траіх маюцца сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Па "справе Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса да 14 гадоў калоніі асудзілі Наталлю Мацвееву

Першы суд па справе
Суд па справе "АГСБ" 19 кастрычніка

Тры жанчыны 21 чэрвеня 2023 года былі асуджаныя па "справе Гайдукевіча" ў Мінскім гарадскім судзе. Маці і дачка Вольга і 27-гадовая Анастасія Вайцяховіч, а таксама 31-гадовая Вольга Петух. Нагадаем, у чэрвені 2021 года Гайдукевіч заявіў быццам яго дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата. У У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе праходзілі 18 чалавек. 21 чэрвеня ў МГС Анастасіі і Вользе Вайцяховіч прызначылі па 11 гадоў калоніі, Вользе Пятух — 10 гадоў калоніі. Муж і сын Вольгі застаюцца за кратамі. 

Па "справе Мачулішч" да двух гадоў і трох месяцаў асуджаная Анастасія Пілько. Яна ўжо адбыла тэрмін і была вызвалена. Яе муж Алег Сычоў застаецца ў няволі.

Сем асуджаных замежнікаў

Паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса ў Беларусі асудзілі сем замежнікаў. Першым асуджаным грамадзянінам іншай дзяржавы за "акт тэрарызму" стаў Андрэй Паднябенны. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. У чэрвені 2022 года яму прызначылі 15 гадоў калоніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле дзвюх частак арт. 289 Крымінальнага кодэкса. 

Андрэй Паднябенны. Фота з сацсетак
Андрэй Паднябенны. Фота з сацсетак

Украінец Мікалай Швец — адзін з фігурантаў "справы Мачулішч". Яго затрымалі 23 сакавіка 2023 года і змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ, выставіўшы шэраг цяжкіх абвінавачванняў. 28 чэрвеня 2024 года яго вызвалілі па абмене з Украінай, а 4 кастрычніка яму завочна прызначылі 25 гадоў калоніі.

Грамадзяніна Расійскай ФедэрацыіАляксея Кулікова асудзілі ў траўні 2024 года за "падрыхтоўку дыверсій" у Гродне да 23 гадоў зняволення. Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску, а Пацэнка заявіў "аб наяўнасці ў яго дзеяннях палітычнай падаплёкі". Па версіі КДБ Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Мужчыну асудзілі паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць).

Бацьку і сыну з Украіны Сяргею і Паўлу Кабарчукам 23 кастрычніка 2024 году ў Гомельскім абласным судзе прызначылі па 20 гадоў калоніі. Прапагандысты пасля затрымання называлі іх "тэрарыстамі", адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ.

Павел Кабарчук
Павел Кабарчук на судзе

Адной з самых рэзанансных справаў замежніка, абвінавачанага ў "акце тэрарызма", стала справа 30-гадовага грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. 24 чэрвеня 2024 года яму прызначылі найвышэйшую меру —смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Яго абвінавачвалі адразу па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «наёмніцтве» (арт. 133), «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1), «акце тэрарызму» (ч. 3 арт. 289). Пасля абвяшчэння прысуда падзеі развіваліся імкліва. 

Рыка Крыгер. Фота: sb.by
Рыка Крыгер. Фота: sb.by

30 ліпеня 2024 года стала вядома, што Рыка напісаў памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнка. Апошні ў сваю чаргу сабраў нараду з гэтай нагоды з "людзьмі, непасрэдна датычныя да разгляду гэтай справы". Ужо ўвечары 30 ліпеня прапагандысты паведамілі, што Лукашэнка прыняў рашэнне памілаваць Крыгера. А ўжо 1 жніўня ён быў вызвалены па абмене.

Таксама ў Беларусі, у тым ліку за "акт тэрарызму" асудзілі ўкраінца Івана Ліхалата. Праўладныя крыніцы паведамілі, што 18 снежня 2024 года яго і яшчэ двух беларусаў асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Дакладныя тэрміны кожнаму з іх не паведамляліся. Паводле абвінавачвання, Пухальскі і Ліхалат нібыта здзейснілі спробу падрыву на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне. Гэта абвінавачанне кваліфікавала як "замах на акт тэрарызму" паводле ч.1 арт. 14, ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса і "замах на прывядзенне ў непрыдатнасць сродкаў чыгуначнага транспарту" паводле ч. 1 арт. 14, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса.

Пра лёс непаўнагадовай ўкраінкі Марыі Місюк пасля затрымання нічога невядома. На дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 красавіка 2024 года выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачвалі ў "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". 

У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў "анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк.

Дзевяць завочна асуджаных

У парадку спецвытворчасці былі асуджаны дзевяць чалавек. Гэта асуджаныя па "справе Мачулішч", "справе Гайдукевіча", "справе атакі дронам на базу АМАПа", справа за "падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі". Па сукупнасці артыкулаў ад 15 да 25 гадоў калоніі асудзілі Аляксандра Азарава, Валера Водзіна, Міхаіла Дзёміна, Паўла Кулажэнку, Віталя Пацехіна, Вадзіма Пракоп'ева, Ігара Чамякіна, Мікалая Швеца, Віталя Якуціка.

Апошні завочны прысуд быў вынесены 23 снежня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе у адносінах да добраахвотніка ва Украіне Паўла Кулажэнкі і былога вайскоўца Віталя Пацехіна. Іх абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «акце тэрарызму», за атаку дронам на базу АМАПа ў ноч з 24 на 25 верасня 2021 года. Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў ім 24 і 23 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў) кожнаму. Апроч гэтага Пацехіна пазбаваілі воінскага звання «капітан у адстаўцы».

Крыніца: Па "тэрарыстычным" артыкуле ў Беларусі асудзілі 71 чалавека