Пастара з Новалукомля суд паўторна арыштаваў на 15 сутак
Суддзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 12 траўня разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да пастара евангельскай царквы г. Новалукомль Аляксандра Зарэцкага. І за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках, пакарала яго арыштам на 15 сутак. Раней, 21 красавіка, тая ж суддзя арыштавала пастара на той жа тэрмін па ч.2 арт. 19.11 (Распаўсюджванне, інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці) КаАП.
У Віцебску абмяркоўваюць магчымасць дэкамунізацыі мясцовых назваў
Дыскусія распачалася пасля апошняга суботніка, падчас якога было абвешчана добраўпарадкаванне гарадскога Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ. Як высветлілася, многія гараджане нават не ведалі, што пляцоўка за басейнам «Камсамолец», засаджаная рэдкімі дрэвамі – гэта і ёсць парк. Ужо не кажучы пра тое, што не ўсе віцябляне-сучаснікі памятаюць, што такое ВЛКСМ. Ідэю добраўпарадкавання землякі ўхвалілі, бо ў так званым парку няма нават лавачак – не тое што забаўляльных атракцыёнаў. Простай магчымасці прагуляцца тут таксама няма: сцежкі з выбоінамі, сходы да Дзвіны вышчарбленыя, а таму гэтае месца даўно стала прывабным для аматараў алкаголю, а не здаровага ладу жыцця. А калі ўжо наводзіць парадак, то ці не пачаць з назвы?