Аўторак, 11 Жнівень 2026

Ненармаваная праца, забарона на інтэлектуальную дзейнасць, парушэнні права на свабоду веравызнання. Экс-палітзняволены распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў Наваполацкай ПК-1

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мужчыну, які трапіў пад першую хвалю затрыманняў у жніўні 2020-га, але ў 2023-м яго арыштавалі паўторна - за каментары ў інтэрнэце паводле арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Прысуджаны тэрмін ён адбываў у Наваполацкай калоніі, дзя вязняў прымушалі працаваць 6 дзён на тыдзень.

Мы працавалі на прамзоне шэсць дзён на тыдзень. У турме кнігі дапамагаюць змагацца з асяроддзем, хавацца ад лагернага свету. А тут ты працуеш, а ў нядзелю, пасля лазні, цябе яшчэ гоняць цягаць будаўнічае смецце, бо яны вырашылі дабудаваць барак. Гэта было самым складаным. Памятаю сакавік, Дзень Канстытуцыі. Мы цягаем гэты "буд", а з дынамікаў іграе: "Жураўлі на Палессе ляцяць. Каб любіць Беларусь нашу мілую маці". Я памятаю гэту песню з дзяцінства, калі спяваў у гарадзенскім хоры і граў на флейце...

На прамзоне ў мяне было два заняткі: разбіраў кабелі на медзь і аддзяляў белыя пластыкавыя трубкі ад чорных. Гэта часам было вельмі медытатыўна. Сродкаў абароны ніякіх не давалі. Але неяк перад інспекцыяй нам раптам раздалі ахоўныя акуляры. Шмат хто нават не ведаў, што з імі рабіць, і проста паклаў на стол. Прыбягае правяраючы і крычыць: "Дзе вашы акуляры?!". У астатні час майстрам на промцы ўсё роўна. Часта пагражалі ШІЗА за невыкананую працоўную норму. Мне выпісалі два парушэнні, але злоснікам не зрабілі."
, — распавёў былы палітвязень.

Паводле ягоных словаў, палітвязням у калоніі забаранялі збірацца групамі, вывучаць замежныя мовы і іншую інтэлектуальную дзейнасць. Каб хоць неяк узаемадзейнічаць, вязні ладзілі індывідуальныя гутаркі падчас працы на прамзоне: "Мы стварылі своеасаблівы моўны клуб "адзін на адзін", бо збірацца групамі небяспечна. У няволі я падцягнуў гутарковую ангельскую. Мы абмяркоўвалі турму і спрабавалі падабраць ангельскія словы для нашай спецыфічнай лексікі. Турэцкую практыкаваў з суседам па камеры з Туркменістана, які працаваў у Турцыі, і яшчэ з адным туркам".

Стаўленне да замежнікаў у калоніі было своеасаблівым. Былы палітвязень стаў сведкам істотнага пагаршэнне ўмоў утрымання для зняволеных мусульман у Наваполацкай калоніі № 1 і Віцебскай калоніі № 3. Раней ім дазвалялася мець пры сабе Каран і малітоўныя дыванкі, што гарантуецца заканадаўствам аб праве на свабоду веравызнання. "Аднак пасля рэзанансных здарэнняў у Расіі (стральба ў вайсковай часці і тэракт у “Крокус Сіці Холе”) сітуацыя рэзка пагоршылася. Па калоніях прайшло неафіцыйнае распараджэнне ўзмацніць кантроль. У мусульман пачалі масава забіраць рэлігійную літаратуру і дыванкі. Пачасціліся выпадкі змяшчэння ў ШІЗА за выкананне штодзённых малітваў на працоўнай зоне», — сцвярджае ён.

Бліжэй да вызвалення адміністрацыя калоніі прапануе палітвязням пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Суразмоўца "Вясны" кажа, што адмовіўся гэта рабіць: "Мне таксама прапанавалі падпісаць паперу на імя Лукашэнкі, але я адмовіўся, і зараз вельмі гэтаму рады. Я і так быў маральна разгублены пасля судоў, а калі б падпісаў. Для чаго я тады навогул сядзеў? Яны не разумелі адмовы, гэта ўводзіла іх у ступар. Зразумела, што ім проста патрэбны быў масавы збор гэтых папер дзеля справаздачы. Гэтая няшчырасць і нефармальнасць – гэта вельмі пра калонію".