24 чэрвеня ў Гомелі пачаўся суд над палітзняволенымі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэта ключавы суд па "справе Ціханоўскага". Працэс закрыты і праходзіць у будынку СІЗА, але пры гэтым на судзе прысутнічаюць дзяржаўныя прапагандысты. Адвакаты палітвязняў знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы і пра ход працэсу. Пакуль невядома, хто вядзе працэс па гэтай справе. Палітвязняў абвінавачваюць  у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усіх затрымалі яшчэ да выбараў.  Па адной крымінальнай справе праходзяць палітык Статкевіч, палітык і блогер Ціханоўскі, блогер Цыгановіч, адміністратар тэлеграм-канала Лосік, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сакаў, мадэратар сацыяльных сетак праекта Ціханоўскага Папоў.

24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся судовы працэс па прызнанню прадукцыі TUT.by (сайт, сацсеткі, матэрыялы) экстрэмісцкай. Як вынікае з заявы МУС, падчас маніторынгу парталу TUT.by у лютым 2021 года былі знойдзены «матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь», а пры іх аналізе выяўлены «прыкметы экстрэмізму». 2 сакавіка МУС накіравала гэтыя матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію. Сёння справу разглядае суддзя Таццяна Скапец, які зрабіла працэс закрытым. Як піша сам TUT.BY, 21 траўня ГУБАЗіК атрымаў заключэнне камісіі №234, дзе сцвярджаецца, што «дзеянні інфармацыйнага рэсурсу TUT.BY па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнню магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць ўрон (шкоду) нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый Мінск, 23 чэрвеня 2021 г.

Суд Першамайскага раёна Мінска вынес прысуд палітвязню Івану Багдзевічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі акугльнага рэжыму: менавіта такое пакаранне запрасіла памочніца пракурора Іна Зубко.

23 чэрвеня на ранішнім пасяджэнні ПАСЕ сябры рабочых груп абмяркоўвалі тэму "Сітуацыя ў Беларусі: пагроза для ўсёй Еўропы".

23 чэрвеня Прэзідыўм Мінскага гарадскога суда разглядзеў пратэст пракурора Мінска аб змякчэнні прысуду 21-гадоваму палітвязню Антону Лакішыку, якім яго асудзілі на тры гады калоніі за штуршок супрацоўніка АМАПу (арт. 364 Крымінальнага кодэкса) на акцыі 14 чэрвеня. Пракурор прасіў зменшыць тэрмін пазбаўлення волі палітвязню з трох да двух гадоў калоніі. Пратэст у судзе падтрымліваў першы намеснік пракурора горада Мінска Аляксандр Карповіч. Але Прэзідыўм не прыслухаўся да пратэсту пракурора і не задаволіў пратэст. Але ў гэтым жа паседжанні Антону пералічылі тэрмін адбыцця пакарання згодна з апошнімі зменамамі ў Крымінальны кодэкс. Такім чынам, 129 дзён Антона ў СІЗА ператварыліся ў 193,5 дзён у калоніі агульнага рэжыму. Атрымліваецца, што 21-гадовы палітвязень агулам адбыў 328,5 дзён з прысуджаных трох гадоў пазбаўлення волі. Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада асудзіў Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Хлопец уступіў у патасоўку з АМАПаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, калі апошнія сталі ў счэпку. Антона затрымалі 23 ліпеня на працы і абралі меру стрымання – утрыманне пад вартай. 21-гадовы хлопец прабыў у СІЗА №1 у Мінску каля двух месяцаў – да 8 верасня. Антона выпусцілі на волю, змяніўшы яму стрымання на падпіску аб нявыездзе. У суд Антон прыходзіў самастойна. Але негледзячы на тое, што супрацоўнік мінскага АМАПу пасля патасоўкі з Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, яму кампенсаваная маральная шкода ў тысячу рублёў, хлопец цалкам прызнаў сваю віну, яму прызначылі тое пакаранне, якое прасіў пракурор. Антона арыштавалі ў залі суда.

У судзе Жодзіна адбыўся разгляд крымінальнай справы аб пратэстных малюнках, нанесеных на прыпынку горада. Абвінавачаным па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса ("Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці") мясцовым жыхарам Юрыю Шастко і Яўгену Грыбу прысудзілі буйныя штрафы. Справу разглядаў суддзя Іван Грыневіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў памочнік пракурора Павел Будзько. "Вясна" з дапамогай валанцёраў вяла маніторынг судовага працэсу. Абвінавачаныя інжынер-тэхнолаг Юрый Шастко і экспедытар Яўген Грыб, якія абодва маюць дваіх дзяцей, да суда знаходзіліся на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

У судзе Ленінскага раёна горада Гродна 22 чэрвеня пачалося разбіральніцтва па крымінальнай справе ў дачыненні да Таццяны Кашко. Яе абвінавачваюць у артыкуле 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады) у дачыненні да Віктара Стасюкевіча (намесніка начальніка грамадскай бяспекі УУС Гарадзенскага аблвыканкама). Суддзя Пятрова праігнаравала патрабаванне Таццяны весці працэс на беларускай мове; дзяржабвінаваўца Шчарбіна спрабавала даказаць, што Кашко добра валодае расейскай мовай, а экспертыза абразы праведзеная тым, хто "лічыць беларускую мову недамовай". "Вясна" прыводзіць падрабязнасці першага судовага пасяджэння над Таццянай. У самым пачатку судовага працэсу, падчас устанаўлення судом асобы абвінавачанай Таццяна адразу заявіла, што не разумее рускую мову і хадайнічала аб вядзенні пасяджэння на беларускай.

Ілюстрацыйны здымак У Гомельскім абласным судзе 22 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Цярэшчанкі, якога абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Будынак суда ў Бабруйску Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска разгледзеў справу 55-гадовага Сяргея Шашко, якога абвінавачвалі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Васіль Галкоўскі спыніў вытворчасць па крымінальнай справе. Прычына – ўступленне ў сіду заканадаўчага акта, які ліквідуе каральнасць дзеі. Грамадзянскі пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі і спагнанні маральнай шкоды суддзя пакінуў без разгляду, у сувязі са спыненнем вытворчасці па крымінальнай справе.