У судзе Жодзіна адбыўся разгляд крымінальнай справы аб пратэстных малюнках, нанесеных на прыпынку горада. Абвінавачаным па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса ("Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці") мясцовым жыхарам Юрыю Шастко і Яўгену Грыбу прысудзілі буйныя штрафы. Справу разглядаў суддзя Іван Грыневіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў памочнік пракурора Павел Будзько. "Вясна" з дапамогай валанцёраў вяла маніторынг судовага працэсу. Абвінавачаныя інжынер-тэхнолаг Юрый Шастко і экспедытар Яўген Грыб, якія абодва маюць дваіх дзяцей, да суда знаходзіліся на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

prypynak_zhodzina.jpg
Так зараз выглядаюць надпісы, зробленыя на прыпынках Жодзіна

Паводле абвінавачання, Шастко і Грыб у перыяд з 23:40 21 сакавіка 2021 года па 01:02 22 сакавіка 2021 года ў горадзе Жодзіна па вуліцы Бабруйскай і Ракасоўскага, дзейнічаючы наўмысна і ўзгоднена, нанеслі надпісы і выявы пратэстнага зместу (надпісы «Жыве Беларусь!», "3%", бел-чырвоныя палосы) на трох аўтобусных прыпынках, тым самым прычыніўшы шкоду ЖКГ на агульную суму 260,6 рублёў. Абодва абвінавачаныя віну прызналі, шкоду ЖКГ пакрылі.

У статусе сведкі фігуруе таксама Павел Чысты, які падчас нанясення малюнкаў быў разам з Шастко і Грыбом.

Падчас допыту Юрый Шастко распавёў, што ў той дзень у 23:45 выйшаў з дома, загадзя падрыхтаваўшы балоны з фарбай. Затым сустрэўся з Паўлам Чыстым і Яўгенам Грыбом, і яны разам накіраваліся да першага прыпынку. Так, яны нанеслі надпісы і малюнкі на тры прыпынкі. Калі падышлі да трэцяга, да яго пад'ехаў патруль ДАІ, тады абвінавачаныя ўцяклі ў бок пусткі. Затым яшчэ прайшліся па раёне і вярнуліся да прыпынку, калі патруль з'ехаў.

Шастко адзначыў, што раскайваецца і што тады не ведаў, што здзяйсняе злачынства.

Яўген Грыб распавёў, што з Шастко і Чыстым загадзя спісаліся у телеграме, дамовіліся аб сустрэчы. Сустрэліся на стаянцы, пагаварылі аб палітычнай сітуацыі ў краіне і пайшлі наносіць выявы. Па словах Грыба, фарбу наносілі ён і Юрый, а Павел трымаў трафарэт. Таксама ён адмаўляў, што яны наносілі надпіс " 3%", і прасіў прыбраць гэты факт з матэрыялаў справы. Шастко, у сваю чаргу, сказаў, што не памятае, ці наносілі яны гэты надпіс, і выказаў здагадку, што ён ўжо быў на прыпынку.

Сведка Павел Чысты на паседжаньне суду не з'явіўся. Былі зачытаныя яго паказанні, дадзеныя падчас следства.

Чысты сцвярджаў, што ў Шастко і Грыба і ўзнікла ідэя ўзяць балончыкі з фарбай і нанесці на прыпынку надпісы і малюнкі, але сам ён гэтую ідэю не падтрымаў, так як разумеў, што за гэта прадугледжана адказнасць. Таму ў нанясенні не ўдзельнічаў, а проста знаходзіўся побач. Па словах Чыстага, Шастко наносіў бел-чырвоныя палосы, а Грыб з выкарыстаннем трафарэта – надпісы.

Памочнік пракурора Будзько запрасіў для абодвух абвінавачаных штрафы ў памеры 100 базавых велічынь (2900 рублёў) з кожнага. Суд падтрымаў бок абвінавачвання і прысудзіў Шастко і Грыбу штрафы па 100 базавых велічынь.

Крыніца: Двое жыхароў Жодзіна атрымалі буйныя штрафы за пратэстныя надпісы на прыпынках