4-5 жніўня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Праваабаронцы "Вясны" правялі 4 жніўня акцыю салідарнасці каля амбасады Беларусі ў Вільні.

Уладзіслаў Плюшчаў 4 жніўня суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне па справе Уладзіслава Плюшчава, якого абвінавачваюць адрузу па двух крымінальных артыкулах: за паклеп (арт. 188 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Сяргей Петрушэнка Мінскі гарадскі суд 3 жніўня вынес прысуд палітзняволенаму былому начальніку аддзела РУП "Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», Сяргею Петрушэнку, якога абвінавацілі ў абвінавачанага ў спрыянні ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці і іншых злачынстваў.

Мінскі абласны суд 4 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Гэта пяты працэс па справе. На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — не прызналі, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам. "Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд. Як перадае Sputnik з залы суда Мінскага раёна, пяты дзень суда па "справе змоўшчыкаў" пачаўся з допыту сведак. Першымі пачалі даваць паказанні ў судзе сведкі, якіх выклікаў бок абвінавачвання. Паказанні ў судзе даў муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч, ён грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі. Адказваючы на пытанні пракурора, муж абвінавачанай пацвердзіў інфармацыю аб тым, што яго жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча, частка якіх, як ўстанавіла следства, ішлі на аплату штрафаў пратэстоўцаў. Паводле яго словаў, за паслугі Вользе Галубовіч плацілі кожны месяц па 200 даляраў. Муж Галубовіч таксама распавёў суду, што чуў інфармацыю пра тое, што Зянковіч планаваў ствараць у Беларусі "партыю візіянераў".

1 жніўня суд Іванаўскага раёна разгледзеў справу Юрыя Голіка, якога абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 КК. Судовае пасяджэнне ўзначаліў Генадзь Кудласевіч. Гэты суддзя неаднаразова выносіў палітычна матываваныя рашэнні па адміністрацыйных і крымінальных справах за ўдзел беларусаў у мірных акцыях пратэсту, далучэнне да стачкамаў і нашэнне пры сабе нацыянальнай сімволікі.

У Брэсцкім абласным судзе 3 жніўня вынеслі прысуд 28-гадоваму жыхару Баранавічаў Дзмітрыю Шувалаву па ч. 1  арт. 361-4 (іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Мужчыну абвінавацілі па гэтым артыкуле за адпраўку у чат-бот "Nexta" фота, відэа, каментароў, якія тычацца дзейнасці баранавіцкага аэрадрома. Інфармацыя так і не была апублікавана ў тэлеграм-канале. Суддзя Дзмітрый Куроўскі асудзіў Шувалава да двух з паловай гады калоніі агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Аляксей Ярошык. За кратамі Дзмітрый утрымліваецца з 6 чэрвеня — сдедства па справе цягнулася амаль паўтары месяцы. Па звестках брэсцкай "Вясны", Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ён у тэлеграме адпраўляў у чат-бот рэдакцыі "Nexta" (прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем" 29 кастрычніка 2021 года) фота і відэа вайсковай тэхнікі з каментарамі. Так, ён 12 лютага адправіў па відэа, дзе ў цёмны час сутак ляціць самалёт без апазнавальных знакаў, аналагічнае відэа зрабіў 27 лютага. Трэцяга сакавіка Зміцер зняў бензавоз з апазнавальным знакам "V". 17 сакавіка адправіў фота і відэа, дзе, як мяркуецца, нешта запусцілі з Баранавічаў у бок Украіны. Ні адзін з гэтых матэрыялаў, як і тэкставая інфармацыя, так і не былі апублікаваныя ў каналах сеткі "Nexta".

Разам з Мікалаем Аўтуховічам судзяць праваслаўнага святара Сяргея Рэзановіча і ягоную сям’ю: жонку Любоў і сына Паўла. Гэта не адзіны прыклад палітычнага пераследу святароў розных канфесій: суд адбываецца ў кантэксце шырокага пераследу ўладамі прадстаўнікоў рэлігійнай супольнасці, якія падтрымалі грамадства і дэмакратычны рух. Згодна з дадзенымі маніторынга «Хрысціянскай візіі», праз палітычны пераслед «падчас крызісу ў Беларусі» пацярпелі не менш за 30 святароў. Адзінаццаць з іх адбылі адміністрацыйныя арышты, адбыўшы ў ізалятарах 106 содняў. Два святары затрыманыя паводле крымінальных справаў.

У Віцебскім абласным судзе да чатырох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 35-гадовага мясцовага жыхара Паўла Нікіценку. У закрытым рэжыме яго асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў. Паўла затрымалі 24 лістапада мінулага году і змясцілі пад варту. Паведамляецца, што пры затрыманні ён быў моцна збіты і здароўе да гэтага часу не адноўлена. Цяпер Нікіценка знаходзіцца ў Віцебскім абласным СІЗА № 2. 

Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначаецца 4 жніўня. Гэтая дата была абраная не выпадкова – менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе ў Мінску быў арыштаваны кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Тады яго асудзілі да 4,5 года калоніі за "ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры". Сваёй віны праваабаронца не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Алесь Бяляцкі быў вызвалены па амністыі ў чэрвені 2014 года. Але ціск на праваабаронцаў і актывістаў Беларусі не спыніўся. Па сутнасці, на працягу ўсяго існавання Праваабарончага цэнтра "Вясна" яе сябры і сяброўкі сутыкаліся з пераследам і ціскам з боку ўладаў, перашкодамі ў сваёй дзейнасці, пачынаючы з пазбаўлення рэгістрацыі ў 2003 годзе і сканчваючы арыштам сямі сябраў арганізацыі і фактычным выгнаннем арганізацыі з краіны пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе.