Мінскі абласны суд 4 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Гэта пяты працэс па справе. На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — не прызналі, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам. "Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд. Як перадае Sputnik з залы суда Мінскага раёна, пяты дзень суда па "справе змоўшчыкаў" пачаўся з допыту сведак. Першымі пачалі даваць паказанні ў судзе сведкі, якіх выклікаў бок абвінавачвання. Паказанні ў судзе даў муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч, ён грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі. Адказваючы на пытанні пракурора, муж абвінавачанай пацвердзіў інфармацыю аб тым, што яго жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча, частка якіх, як ўстанавіла следства, ішлі на аплату штрафаў пратэстоўцаў. Паводле яго словаў, за паслугі Вользе Галубовіч плацілі кожны месяц па 200 даляраў. Муж Галубовіч таксама распавёў суду, што чуў інфармацыю пра тое, што Зянковіч планаваў ствараць у Беларусі "партыю візіянераў".

Суд 29 ліпеня
Суд 29 ліпеня

На судзе ён адзначыў, што папярэджваў жонку, каб яна "баялася ўключэння ў палітычную дзейнасць". Муж Галубовіч удакладніў, што грошы ад Зянковіча яны хавалі ў выглядзе "закладак", у тым ліку адна з іх была на могілках, там яны схавалі пяць тысяч даляраў.

Абвінавачаны Краўчук у судзе заявіў, што пазнаў сведку — ён з ім сустракаўся пару разоў у верасні 2020 года, атрымаў грошы ў памеры двух тысяч даляраў, пасля чаго адвёз іх на вакзал і паклаў у ячэйку камеры захоўвання.

Таксама сёння ў суд для дачы паказанняў выкліканая сведка з боку абароны Аляксандра Фядуты філосаф Вольга Абрамава.

Інфармацыя дапаўняецца.

Храналогія суда:

Чацвёрты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": азнаямленне з матэрыяламі справы

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута і Галубовіч даюць паказанні

Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзняволенага палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандара Фядуты.

Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў

"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.

Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. 

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Крыніца: Пяты дзень суду па "справе змоўшчыкаў": допыт сведкаў Дапоўнена