У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 18 лістапада разглядалася чарговая адміністрацыйная справа за налепку на аўтамабілі. 43-гадовага Уладзіслава Цітова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за невялікі герб Пагоня на багажніку. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Цітоў віны не прызнаў і заявіў, што не мае ніякага дачынення да налепкі.

Суд Глыбоцкага раёну асудзіў 48-гадовага Андрэя Кулікоўскага на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за публічную дэманстрацыю фашысцкай сімволікі і атрыбутыкі (ч.1 арт. 19.10 КаАП). Мужчына – аматар гістарычнай рэканструкцыі, а нямецкая форма – тэатральны касцюм, у якім збіраўся здымацца ў кіно. Віцебскі абласны суд 17 лістапада адхіліў ягоную скаргу, а значыцца прысуд набыў законную моц. На разглядзе скаргі мужчына не прысутнічаў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 17 лістапада пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні 21-гадовай віцяблянкі Александрыны Міхаложынай, абвінавачанай паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). У 2020 годзе на шапік, які належыць філіялу «Віцебск-тытунь» СЗАТ «Энерга-оіл» дзяўчына нанесла надпіс, звязаны з падзеямі прэзідэнцкай кампаніі. Ёй пагражае да трох месяцаў арышту. 

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 17 лістапада пачаўся судовы працэс над Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога распачалі крымінальную справу за знявагу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Калі мужчыну прызнаюць вінаватым, яму будзе пагражаць да трох гадоў абмежавання волі. На першае паседжанне ён не прыйшоў праз хваробу. Зняважаная суддзя Шабуня таксама не з'явілася.

Суд Аршанскага раёна і Воршы за абразу ў сацыяльных сетках работніка міліцыі прысудзіў мясцовага 55-гадовага жыхара да пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд таксама абавязаў аршанца выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды.