Чацвер, 20 Лістапад 2025

20 лістапада памілаваны палітзняволены каталіцкі святар Анджэй Юхневіч, пробашч санктуарыя ў Шуміліне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ён быў асуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму - суд прызнаў Юхневіча вінаватым  па справе аб сексуальных злачынствах супраць непаўналетніх. Святар не прызнаў сябе вінаватым і спрабаваў абскардзіць прысуд.

Судовы працэс над Анджэем Юхневічам працягваўся каля 4 месяцаў: са снежня 2024  года па 30 красавіка гэтага – якраз тады прыгучаў прысуд Шумілінскага раённага суда. Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. Таму пра сутнасці абвінавачанняў, высунутых супраць Анджэя Юхневіча, нічога не вядома.  Адзіная інфармацыя ад вернікаў - пра тое, што у справе святара гаворка ідзе пра падзеі больш як  10-гадовай даўніны, і  што справа збудаваная на сумніўных паказаннях. 

Пазней святар спрабаваў абскардзіць вырак у Віцебскім абласным судзе, але безвынікова.

У няволі ксёндз Анджэй Юхневіч правёў больш за паўтара гады. Ён  быў затрыманы ў Шуміліне 8 мая 2024 года разам з другім шумілінскім ксяндзом, Паўлам Лемехам.  Затрыманне ксяндзоў  адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай, абодвух спачатку асудзілі па “палітычным” адміністрацыйным артыкуле за “пікетаванне ў сацсетках”. Адбыўшы прысуджаны арышт, ксёндз Павел Лемех выйшаў на волю. Ксяндза Анджэя Юхневіча судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах яшчэ двойчы , у тым ліку «за пікетаванне ў інтэрнэце». Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала святара палітычным зняволеным.

Прысуджанае пакаранне святар адбываў у бабруйскай папраўчай калоніі.

20 лістапада на волю па памілаванні  выйшаў і яшчэ адзін каталіцкі святар, Генрых Акалатовіч,  асуджаны да 11 гадоў  зняволення за "шпіянаж на карысць Польшчы і Ватыкана". Пра памілаванне ксяндзоў паведамілі дзяржаўныя СМІ. Прычым было зазначана, што яны абодва " совершили тяжкие преступления против государства". И што вызваленне адбылося "с учетом интенсификации контактов с Ватиканом, а также принципов доброй воли, милосердия и объявленного в Римско-католической церкви Юбилейного года христианства".

Што маецца на ўвазе пад “цяжкімі злачынствамі супраць дзяржавы”, калі вядзецца пра Анджэя Юхневіча – не зразумела.

Ларыса Горына