Серада, 15 Снежань 2021

68-гадовага віцябляніна асудзілі на 14 гадоў калоніі за замах на жыццё міліцыянта

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Судовая калегія Віцебскага абласнога суду пастанавіла абвінаваўчы прысуд у дачыненні 68-гадовага жыхара Віцебску, якога вінавацілі ў хуліганстве, пагрозе забойствам і замаху на жыццё супрацоўніка ўнутраных спраў. Яго прызналі вінаватым і асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры. 

Як высветліла судовае следства, 4 ліпеня 2021 году нецвярозы мужчына пагражаў забойствам сваёй жонцы. Калі па выкліку прыбылі супрацоўнікі Першамайскага РАУС Віцебску, абвінавачаны хацеў аднаму з міліцыянтаў нанесці ўдар нажом у галаву, той ухіліўся, але атрымаў 4 нажавых удары ў вобласць рукі.

«Свой злачынны намер абвінавачаны не давёў да канца ў сувязі з актыўным супраціўленнем пацярпелага», – удакладняе Генпракуратура.

Абвінавачаны мужчына мае 68 гадоў. У паведамленні сцвярджаецца, што, апроч таго, у траўні 2021 году ён з хуліганскіх намераў пашкодзіў лабавое шкло аўтамабіля, прыпаркаванага каля ягонага дому.

Віцябляніна прызналі вінаватым у злачынствах прадугледжаных ч.1 арт. 339, арт.186, ч.1 арт.14 і арт.362 КК РБ. Віцебскі абласны суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 14 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ці апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Янка Прас