У гэтым годзе конкурс чытальнікаў атрымаўся кулуарным і ў пэўным сэнсе засакрэчаным. Умовы для ўдзельнікаў не публікаваліся ні ў СМІ, ні на сайце райвыканкама. БРСМаўцы пайшлі па традыцыйным шляху: даслалі разнарадкі па школах і навучальных установах. Адпаведна, далёка не ўсе аматары творчасці Уладзіміра Караткевіча, гатовыя паспаборнічаць у дэкламаванні ягоных твораў, змаглі даведацца пра такую магчымасць.
У выніку конкурс атрымаўся выключна для моладзі ад 14 да 30 год, і журы атрымала ўсяго 49 відэазапісаў ад удзельнікаў – спаборніцтва правоводзілі завочна, разглядаючы запісаныя чытальнікамі відэаролікі.
Усе папярэднія гады запрашэнні да ўдзелу у конкурсе былі публічныя. І канкурсантаў было значна болей.
21 лістапада Аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча запрашае на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу чытальнікаў. Але ў афішы мерапрыемства ў сацсетках музея чытальнікаў чамусьці назвалі “чытачамі”. Вось і прыклад сапраўднага стаўлення да мовы з боку арганізатараў з БРСМ.
Ігар Казіміраў