Згодна з матэрыяламі справы, 9 жніўня 2020 году каля палацу культуры ААТ «Нафтан» мужчына, які знаходзіўся нібыта ў нецвярозым стане, браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. На неаднаразовыя законныя патрабаванні праваахоўнікаў спыніць супрацьпраўныя дзеянні не адрэагаваў. Пасля гэтага наблізіўся да пацярпелага, які ахоўваў грамадскі парадак, і паспрабаваў гвалтам сарваць з ягонага твару маску.
Паведамляецца, што падчас затрымання навапалачанін не падпарадкаваўся законным патрабаванням супрацоўніка і нанёс яму пабоі, пашкодзіўшы пры гэтым форменнае абмундзіраванне.
Дзяржаўнае абвінавачанне кваліфікавала дзеянні мужчыны па ч.2 арт.363 КК РБ («Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»). Суд пагадзіўся з пазіцыяй Наваполацкай пракуратурай, прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачанага на карысць пацярпелага матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.
На судовым паседжанні абвінавачаны віну не прызнаў.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Віцебскім абласным судзе.
Віталь Кажух