Абласны суд адмяніў пастанову Наваполацкага суду ў справе прафсаюзнага лідара «Нафтану»
6 кастрычніка Віцебскі абласны суд разгледзеў дзве скаргі і пратэст пракурора на рашэнне суду гораду Наваполацку ў справах Вадзіма Міхайлава і Юліі Маліноўскай. Прафсаюзны лідар «Нафтану» Вадзім Міхайлаў быў аштрафаваны наваполацкім судом (ч. 1 арт. 24.23) на 100 базавых велічынь. Віцебскі аблсуд адмяніў гэтую пастанову і накіраваў справу на новы разгляд. Рашэнне ў справе Юліі Маліноўскай, якую аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11), пакінулі без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
Жорсткія прысуды віцяблянам: Аляксандр Мацяюк – 9 гадоў калоніі, Алег Баразна – 2 гады і 3 месяцы
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 5 кастрычніка агучыў рашэнне ў справе актывістаў «Краіны для жыцця» Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка, абвінавачаных паводле арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») і паводле ч. 2 арт. 332 КК (Мацяюк) – «Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў». Суд прызнаў мужчын вінаватымі і пакараў Баразну – на 2 гады і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму, Мацеюка – на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Два гады «хіміі» – за кароткае слова «чмо». У Віцебску абвясцілі яшчэ адзін прысуд за абразу міліцыянта Вольніча
Суд Першамайскага раёну Віцебску 4 кастрычніка вынес два аднолькавыя рашэнні за кароткія каментары пад постам актывісткі Вольгі Карач у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Спачатку на два гады «хіміі» быў асуджаны Аляксандр Шматаў. А праз некалькі гадзін аналагічнае рашэнне было прынятае ў дачыненні да 35-гадовага віцябляніна Мікалая Берднікава. Яго таксама прызналі вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Аляксандра Шматава асудзілі на два гады «хіміі» за абразу супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў
4 кастрычніка суд Першамайскага раёну Віцебску, разгледзеўшы ў судовым паседжанні крымінальную справу 50-гадовага віцябляніна Аляксандра Шматава, прызнаў яго вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем тым службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Суд пастанавіў пакараць Шматава двума гадамі абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Пракурорка запатрабавала два гады «хіміі» для віцябляніна, які абразіў даішніка
1 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску прайшло другое паседжанне ў справе 50-гадовага віцябляніна Аляксандра Шматава, абвінавачанага паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Як і першае, паседжанне прайшло без удзелу пацярпелага старшага лейтэнанта ДАІ Ігара Вольніча. Міліцыянт у пісьмовай форме патлумачыў, што адсутнічае ў сувязі з «аб’ектыўнымі службовымі абставінамі».