4 студзеня 2022 году быў апублікаваны ўказ №517 «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў», які Лукашэнка падпісаў у апошні дзень мінулага году. Паводле дакументу, прызначаныя і вызваленыя ад пасады 12 суддзяў Віцебскай вобласці. Праваабаронцы не звязваюць звальненне і новыя прызначэнні ў судовым корпусе з палітычнымі падзеямі 2020-га і 2021 гадоў і бачаць у гэтай ратацыі натуральныя прычыны.

Жыхарка Сянно падала ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебска пазоў на прадпрыемства «Віцебскаблводаканал». Паводле яе заявы, 12 жніўня з кранаў у кватэры жанчыны ішла вада цёмнага колеру з непрыемным пахам. Жанчына была пазбаўленая права на атрыманне якаснай пітной вады, марнавала час на выклік адмыслоўцаў для адбору проб вады і на званкі дыспетчарам, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

З 8 па 15 снежня рашэннямі судоў Віцебску і Віцебскай вобласці былі залічаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх 4 тэлеграм-рэсурсы, 2 каналы відэахостынгу «Youtube» і адна старонка ў сацсетцы «ВКонтатце» . Пры гэтым суды скарысталіся правам неадкладнага выканання сваіх рашэнняў, паколькі, на думку суддзяў, прамаруджванне ў выкананні рашэнняў можа нанесці значную шкоду дзяржаве або зрабіць немагчымым самое іх выкананне. 

21 снежня гаспадара БЧБ-хаты ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну Анатоля Каханчыка прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП) і асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд Полацку і Полацкага раёну вырашыў, што Каханчык зладзіў «несанкцыянаванае пікетаванне», пафарбаваўшы свой дом у Алёшчы ў бел-чырвона-белыя колеры. Перафарбоўваць яго мужчына катэгарычна адмовіўся.

8 снежня 2021 году з ініцыятывы ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Віцебскі абласны суд ліквідаваў дзве некамерцыйныя арганізацыі: «Наваполацк. Чарнобыль-цэнтр» і «Моладзевы культурна-адукацыйны цэнтр «Ростань». Толькі ў другім паўгоддзі 2021 году з ініцыятывы выканаўчых уладаў вобласці былі закрытыя 28 грамадскіх арганізацыяў і некамерцыйных устаноў.