Расейскія ўлады задаволілі запыт Генеральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы 25 гадовай Яны Пінчук для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. 1 верасня 2022 года маладая жанчына перададзена на тэрыторыю Беларусі і ўжо змешчаная ў Віцебскі абласны ізалятар №2. Крымінальная справа ў дачыненні да Яны Пінчук знаходзіцца ў вытворчасці Віцебскага гарадскога аддзела Следчага камітэта. 

Пра намер выдаць каляндар на 2023г. з малюнкамі, якія Павел Севярынец дасылае з-за кратаў, паведаміла ў Фэйсбуку ягоная жонка Вольга. Паводле Вольгі Севярынец, зняволены палітык і моладзевы лідар даслаў з калоніі не адзін дзясятак выяваў розных храмаў Беларусі, і неўзабаве частка гэтых малюнкаў станецца ілюстрацыямі да папяровага календара.

Палітзняволеная беларуска Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА ў Смаленску. У аўторак яе наведаў адвакат. Раней Пінчук з Пецярбурга перавялі ў Маскву, далей — у Яраслаўль, Бранск. Расійскія ўлады збіраюцца выдаць дзяўчыну Беларусі. Канчатковым пунктам гэтага доўгага драматычнага "падарожжа" стане Віцебскі абласны следчы ізалятар №2.

Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон у дзённы час. Напрыканцы ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Ёсць звесткі аб тым, што ў ПК-12 з боку адміністрацыі ў дачыненні да зняволеных практыкуюцца здзекі, у "зоне" для хворых ежа і санітарныя ўмовы не адпавядае медыцынскім нормам, у турэмны магазін завозяцца тавары, цэны на якія ў разы перавышаюць іх кошты па-за калоніяй.

Пра кур’ёзную забарону, вынесеную палітвязню ў судовым парадку, паведаміла Марына Адамовіч, жонка зняволенага палітыка. Паводле спадарыні Марыны, на падставе таго, што Мікалай Статкевіч не выканаў ранейшае судовае распараджэнне пра выплату 133 тысяч рублёў, суд Маскоўскага раёну Менску абмежаваў яму выезд за мяжу, забараніў удзел у азартных гульнях і наведванне казіно.