Паводле звестак праваабаронцаў, у следчым ізалятары ён мае праблемы з ліставаннем: зняволены практычна не атрымлівае лістоў, толькі допісы ад брата. Іншай блізкай радні Уладзімір Булаўскі не мае: падчас знаходжання за кратамі ў яго памёр бацька. Развітацца з ім сына не адпусцілі.
Віцебскі актывіст быў першапачаткова затрыманы ў межах адміністрацыйнай справы: у снежні мінулага году яму прысудзілі 15 сутак арышту паводле артыкула 24.23 КаАП за наяўнасць на старонках у сацыяльных сетках фотаздымкаў з пратэстаў 2020г. Але ў пачатку студзеня ён так і не выйшаў на волю.
6 лютага беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіміра Булаўскага палітычным зняволеным. Пераслед вядомага ў Віцебску арганізатара канцэртаў і прадстаўніка моладзевага нефармальнага руху працягваўся некалькі апошніх гадоў. Толькі цягам 2022 году ён быў вымушаны правесці ў ІЧУ 45 сутак адміністратыўных арыштаў.
Таццяна Віктарава