Віцяблянін Сяргей Сясіцкі прызнаны палітвязнем
Сёлета ў жніўні Сяргея Сясіцкага затрымалі за абразу А. Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага Кодэксу. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 4 год пазбаўлення волі. Дома ў Сяргея, а таксама ў яго бацькоў прайшлі ператрусы. Незадоўга да затрымання пракуратура залічыла старонку Сясіцкага ў Facebook у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. У Віцебску мужчына вядомы як даўні апанент так званага «русского мира».
Палітвязня Мікалая Статкевіча ўжо больш за месяц не выводзяць на свежае паветра
Адсутнасць прагулак адміністрацыя глыбоцкай калоніі ПК 13 тлумачыць рамонтам ва ўнутраным двары. Пра гэта зняволены палітык напісаў у лісце да жонкі, Марыны Адамовіч. Таксама ён паведаміў, што яго перавялі ў іншую камеру – «адзіночку», якая «на сантыметраў 7 шырэйшая і гэтага хапіла, каб прасунуцца паўз тумбачку да сценкі, супрацьлеглай дзвярам».
Віцяблянін Аляксей Рэзнікаў прызнаны палітвязнем
26 жніўня яго асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Больш за 4 месяцы да суду мужчыну ўтрымлівалі ў Віцебскім СІЗА-2. Праваабарончая супольнасць прызнала Аляксея Рэзнікава палітзняволеным.
Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» спыняе працу
Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» была створана дзеля падтрымкі ахвотных ліставацца з палітвязнямі. Калі такі чалавек хацеў напісаць словы падтрымкі зняволеным па палітычных прычынах, але не ведаў адраса турмы ці калоніі, ён мог даслаць ліст праз сервіс. Але цяпер ён спыняе сваё існаванне – найперш праз адсутнасць зваротнай сувязі, бо ў месцах зняволення практычна перасталі перадаваць лісты палітзняволеным ад чужых людзей. Дай допісы ад сваякоў даходзяць да іх далёка не ўсе.
Палітвязня Андрэя Кузнечыка этапавалі ў Наваполацкую калонію
Ураджэнец Віцебску, журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузнечык, асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фармаванні, прыбыў адбываць пакаранне ў наваполацкай калоніі №1. Ліст са штэмпелем гэтай установы атрымала жонка палітзняволенага Алеся Рак. Суддзя Магілёўскага абласнога суду Ігар Шведаў прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў.