Ён напісаў адкрыты ліст, дзе расказаў, за што адміністрацыя калоніі адправіла яго тройчы ў ШІЗА (усяго агулам на 24 сутак), а пасля на ўвесь люты — у памяшканне камернага тыпу. З ПКТ Яўгена зноў кінулі ў ШІЗА на 17 сутак запар.
«Я пачаў забываць што з'яўляюся палітычным закладнікам, але ШЫЗАзная рэальнасць уварвалася ў маю лагерную руціну і нагадала. Унутраныя войскі ўтрымліваюць ва ўнутраным палоне. Вось з кім яны ваююць.
У ШЫЗАрэальнасці я адмовіўся ад нейкай уборкі, у сваёй жа паехаў на 10 сутак у "халадок" прасаваць сваім целам нары. Ужо там усярэдзіне я "ляжаў на падлозе", а не сядзеў і грэўся ў батарэі, бо па правілах унутранага распарадку забаронена ляжаць на падлозе. "Абанемент" працягнулі яшчэ на 7 сутак. Так я правёў Новы год і абодва святы Калядаў.
Затым дзяжурыў па лакальным участку - я прыбраў яго за 10 хвілін, а не за належныя 25. Новы стукач ужо выслугоўваецца. Яшчэ 7 сутак. Я зноў ляжаў на падлозе, мог бы ў адсутнасці ў камеры анучы працерці пыл уласным ручніком, але гэтыя ініцыятывы начальніка майго атрада не былі падтрыманы начальнікам калоніі. Мяне выпусцілі, каб усё ішло сваёй чаргой.
На наступны дзень па выхадзе з ШІЗА мяне паставілі дзяжурным па туалетным пакоі. Правільныя зэкі за ўсе дзяжурствы адкупляюцца цыгарэтамі, палітычныя - прыбіраюць самі, за выключэннем прыбіральняў. Туалеты — білет у адзін канец у "петушарню, гарэм, нізкі статус".
ВК-2 - выдатны прыклад ўзроўню сплаву чырвонага і чорнага, дзе толькі адміністрацыя калоніі вырашае, каму знаходзіцца альбо не ў нізкім статусе. У гэтым рудыменце турэмныя іерархіі наўмысна пакінутыя і выкарыстоўваюцца як рычаг ціску на патрэбных зэкаў. Такім чынам начальнік атрада сказаў мне пісаць тлумачэнне за адмову ад уборкі мыйнага пакоя. Усе гэтыя інсінуацыі на рахунак маіх злосных парушэнняў рэжыму зараз выліліся ў 1 месяц ПКТ. Па ўсёй бачнасці я іду па шляху недаехаўшага «каліноўца» Андрэя Маслова, якому прама сказалі, што яго збіраюцца круціць па арт. 411 КК. Ён таксама заБУРыўся ўсяго на 1 месяц двума днямі раней за мяне. "Усё ідэі па плане, усё як у людзей"…
Я знаходжуся па гэтым баку рашоткі ўжо 1,5 гады, роўна праз 3 гады мой бягучы афіцыйны званок. Увесь гэты час мяне мала дзівіў ход рэпрэсіўных падзей. Але раз'ядаць сацыяльныя адносіны і атручваць душы як зэкаў, так і наглядчыкаў... Cловамі Даўлатава, які воляй лёсу прымерыў форму наглядчыка ў зоне: "Пекла — гэта мы самі". Гэтыя мы — гэта самі зэкі, якія стукаюць, церпяць, баяцца, гэта агульны лагерны свет са сваёй мовай і паняццямі. Маё здзіўленне можна выказаць адной фразай, якая ледзяць сэрца калымскімі маразамі, выпакутаванай Варламам Шаламавым: "Аказваецца, чалавек, які ўчыніў подласць, не памірае" (расказ "Чырвоны крыж").
Сам я ў парадку. Падобна, што ПКТ — маё другое паднявольнае каханне. Кіпяцільнік і чай, кожная добрая кніга на вагу золата, сардэчны сусед, сем адзежак без зашпілек. Я ў спакоі, я з сабой, я ў "хаце". Савет самому сабе - у любой незразумелай сітуацыі жыві, кім жыў, і працягвай не есці звера [заўв.: Яўген - веган, у калоніі - вегетарыянец].
Суграмадзяне, якія з'ехалі з краіны і хочуць заварваць аўсянку ў кружку і есці яе пластыкавай ручкай без стрыжня, вяртайцеся!
Нагадаем, палітвязень Яўген Рубашка асуджаны на 5 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Падтрымаць Яўген можна лістамі і паштоўкамі: Рубашка Яўген Аляксандравіч, ВК-2, вул. Сікорскага, 1, 213800, Бабруйск, Магілёўская вобласць, Беларусь.
Сяргей Азёрны