Былы старшыня Сеньненскага райвыканкаму Віктар Цапота прызнаны вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы праз злоўжываньне паўнамоцтвамі і асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Віцебскія актывісты атрымалі адказ з гарвыканкаму на электронны зварот, у якім выказалі сумневы наконт мэтазгоднасьці ўсталяваньня ў горадзе помніка княгіні Вользе. Асноўныя аргумэнты грамадзян: праект вымагае вялізных выдаткаў, да таго ж галоўная роля княгіні Вольгі ў заснаваньні Віцебску аспрэчваецца гісторыкамі.

Апошнім часам практыка ўсталяваньня ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжаньня помнікаў праяўляецца выразна. Гарадзкія ўлады адкрыта ігнаруюць меркаваньні месьцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў. Горад пакрысе засьмечваецца дзіўнымі скульптурамі.

У Воршы распрацоўваецца новы генэральны плян, які вызначыць, якім будзе горад да 2030 году. Сярод прапанаваных архітэктарамі пунктаў ёсьць і скандальны: плянуецца пабудаваць дзьве дарогі, якія пройдуць наўпрост па месцах масавых сталінскіх расстрэлаў на Кабыляцкай гары і каля Магілёўскай шашы.

Эканамічнае падзеньне на Віцебшчыне працягваецца. У студзені–жніўні 2017 году толькі ў дзьвюх абласьцёх краіны – Віцебскай і Магілёўскай – сукупны рэгіянальны прадукт (СРП) прадоўжыў падзеньне, што цягнулася ў беларускіх рэгіёнах два гады. У чатырох іншых абласьцёх Беларусі СРП пачаў расьці.