У Глыбокім у межах кампаніі “Народны кантроль” утвораная ініцыятыўная група па зборы подпісаў за закрыцьцё турмы, якая знаходзіцца ў маляўнічым месцы ў самым цэнтры гораду на беразе возера, паведаміла каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” па Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец.

Ліст з адмовай абавязаць цэнтральную гарадзкую паліклініку выконваць рашэньне выканкаму, кіраўніцтва якой адмаўляецца заключаць дамовы на абслугоўваньне акцыяў, атрымаў абласны каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў.

Гарэльеф пісьменьніка, які некалькі месяцаў таму быў зьняты з будынку Парытэтбанку на вуліцы імя Караткевіча ў Воршы, зноў зьявіўся на ранейшым месцы. На працягу некалькіх месяцаў аршанцаў турбавала пытаньне, чаму гарэльеф зьнік, і ці зьявіцца на ранейшым месцы.

Аўтар прыехаў у Віцебск разам з укладальніцай кнігі Аленай Лапцёнак. На сустрэчы ў «Эўрапейскім клюбе» яны распавялі гісторыю стварэньня зборніка эсэ, што былі напісаныя ў зьняволеньні ў Бабруйскай калёніі, куды аўтар трапіў за праваабарончую дзейнасьць.

Аўтарамі заявак, пададзеных у адміністрацыі ўсіх трох раёнаў Віцебску, зьяўляюцца сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў і Пятро Сарапеня. Мэта меркаваных акцыяў: публічнае асуджэньне расейскіх камуна-фашысцкіх агрэсараў, якія напалі на незалежную сувэрэнную Ўкраіну. Пікеты мусяць прайсьці з 22 па 24 верасьня.

Праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца пачатку адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да газэты «Аптечка Еламеда». На думку Левінава, выдаўцы і распаўсюджвальнікі газэты, якая зарэгістраваная ў Расеі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за яе незаконны выраб і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Дзеля дапамогі вымушаным мігрантам з Украіны ў Віцебску створаная валянтэрская суполка «УКантакце», якая супрацоўнічае з абласной арганізацыяй Чырвонага Крыжа. Назва суполкі - «Беларусь. Дапамога ўцекачам Віцебск Віцебская вобл.», яе мэта - падтрымка перасяленцаў з Украіны, якія прыехалі ў Віцебскі рэгіён. У суполцы разьмяшчаюцца паведамленьні як ад саміх украінскіх грамадзян, накшталт «Маладая сям’я ўцекачоў з Данецку прыме ў дар ўсё неабходнае для жыцьця! Жывем недалёка ад Воршы, Межава, хатку далі зусім пустую», так і ад беларусаў, якія прапануюць канкрэтную дапамогу.

Тыповую для вязьняў з савецкіх часоў працу атрымаў у калёніі «Віцьба-3» палітвязень Ігар Аліневіч. Ягоны бацька Ўладзімер Аліневіч яшчэ дакладна ня ведае, што менавіта робіць ягоны сын, якога ў «Віцьбу-3» перавялі толькі ў ліпені: «Нешта робіць на дрэваапрацоўцы, але што дакладна, ня ведаю. У нас жа пакуль не было ані доўгатэрміновага, ані кароткага спатканьня. Вось падчас першага ў гэтай калёніі спатканьня распытаем больш падрабязна, што робіць. Пакуль ведаю, што з дрэвам працуе».

З 12 па 14 верасьня ў Віцебску праходзіла габрэйская міжнародная адукацыйна-культурна-забаўляльная канфэрэнцыя «Арт-Лимуд Беларусь». Гэтае мерапрыемства адбывалася ў Віцебску ўжо другі раз і сёлета сабрала значна больш удзельнікаў: каля 650 чалавек прыехалі зь Беларусі, Украіны, Расеі, Вялікай Брытаніі, Ізраіля, ЗША і шэрагу іншых краін, перад якімі выступілі больш за сто прамоўцаў, сярод якіх шмат вядомых дзеячаў культуры.

Кіраўнік прадстаўніцтва агенцтва “Россотрудничество” Віктар Малашэнка сустрэўся з працоўным калектывам і навучэнцамі аршанскай школы №8. Ён павіншаваў школу з 60-годзьдзем. Апроч таго, Малашанка падарыў школе больш за 260 кніг па гісторыі, культуры і мэтодыцы выкладаньня. “Россотрудничество” - расейскае фэдэральнае агенцтва па справах Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой, міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве.