Як піша мясцовая раёнка, у ваенным камісарыяце Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў глыбоцкія ўлады правялі "круглы стол", прысвечаны так званаму Дню прызыўніка. Яго арганізавалі супрацоўнікі райваенкамата сумесна з работнікамі ідэалагічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкама. Кожны з будучых салдат атрымаў у падарунак спецыяльны каляндарык, разлічаны на ўвесь тэрмін (год і паўтара года) службы.
На гэтым мерапрыемстве перад юнакамі выступіла намесніца старшыні райвыканкама, старшыня прызыўной камісіі Таццяна Тарасевіч (жонка сумнавядомага суддзі Андрэя Тарасевіча, які выносіў палітычна матываваныя прысуды глыбачанам), ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснадубскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі "Беларускі саюз афіцэраў" Аляксандр Аляхновіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі райвыканкама Алеся Шыпіла.
Наколькі цікавымі і змястоўнымі былі іх выступы, можна было меркаваць па тварах прысутных хлопцаў. Гэта бачна на фота, якое выставіла на сваім сайце мясцовая раёнка “Веснік Глыбоччыны”.
У цяперашні напружаны час, калі ідзе вайна Расеі ва Украіне і Беларусь з’яўляецца краінай-суагрэсарам, уладам не так проста ствараць атмасферу ўрачыстасці і ўзнёсласці. А гэтыя каляндарыкі з’яўляюцца толькі невясёлым напамінам пра будучую вайсковую службу ў няпросты для прызыўнікоў і іх родных час.
Лілія Галубец