Паводле звестак з адкрытых крыніц, Валерыя Іванова працавала ў ЖРЭТ Кастрычніцкага раёна Вііцебска. Апошняя актыўнасць жанчыны ў сацыяльных сетках заўважана ў чэрвені 2023г. Сутнасць крымінальнай справы, распачатай супраць яе за абразу прадстаўніка ўлады, пакуль не вядомая: у анлайн-базе судовых рашэнняў няма звестак пра прысуд, вынесены віцяблянцы ў снежні мінулага году.
У спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, унесена таксама і прозвішча Уладзіміра Лісіцы - былога «афганца» асуджанага па арт. 369 КК таксама ў снежні мінулага года. Мужчыну асудзіў суддзя Лёзненскага раёна Аляксей Лапушанскі, паводле ягонага выраку, спадар Лісіца мае адбыць тры гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама сплаціць 7 400 рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай школы двум пазоўнікам – Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь А. Шведу і дэпутату Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў І. Мядзведскаму – па 3 000 рублёў кожнаму.
Паводле следства, Уладзімір Лісіца не пашкадаваў моцных выразаў і на адрас яшчэ некалькі вядомых у Беларусі асобаў: «публічна непрыстойныя каментары прагучалі на адрас ваеннага камісара Гомельскай вобласці А.У. Крываносава, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.С. Гайдукевіча, старшыні Глыбоцкага райвыканкама А.М. Шубскага, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі». Пра гэта сёлета ў студзені паведаміла лёзненская раённая газета «Сцяг перамогі».
Уладзімір Лісіца нарадзіўся ва Украіне, у Сумскай вобласці, і замест аватаркі на ягонай старонцы ў «Одноклассниках» - украінскі сцяг. Змест гэтай старонкі, які цяпер па большай частцы выдалены, вывучала Лёзненская раённая пракуратура, і яна вырашыла, што «інфармацыйная прадукцыя на персанальнай старонцы "Владимир Лисица" ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» змяшчае прыкметы дзейнасці, накіраванай на садзейнічанне ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці, праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў такой дзейнасці. Па заяве пракуратуры раёна рашэннем суда Лёзненскага раёна ад 28.09.2023 г. інфармацыйная прадукцыя - персанальная старонка «Владимир Лисица» ў «Одноклассниках» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Паводле заявы прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці ад 29 лютага 2024 г. Уладзімір Лісіца прызнаны палітычным зняволеным.
Ігар Ражкоў