Пра трагедыю распавялі Анатоль і Натальля Рыхлёнак з аграгарадку Гараны Полацкага раёну. Іх 10-гадовая дачка Ліза памерла ў рэанімацыйным аддзяленьні Полацкага цэнтральнага гарадзкога шпіталя 2 жніўня.
«Нашага дзіцяці ня стала за 2 дні»
– Ліза была здаровым, актыўным дзіцем. Яна нават сэзоннымі ВРВІ рэдка хварэла. Ніякіх хранічных захворваньняў у яе не было, альбо мэдработнікі іх ня выявілі. Мы ня можам зразумець: як так здарылася, што за 2 дні нашага дзіцяці не стала, – гаруе мама дзяўчынкі, Натальля Рыхлёнак.
Ліза, якой у чэрвені споўнілася 10 гадоў, была малодшай дачкой у сям'і – старэйшая ўжо студэнтка, навучаецца ў Віцебску. Натальля і Анатоль працуюць, трымаюць сваю гаспадарку, у іх свой прысядзібны ўчастак, прадукты выкарыстоўваюць у асноўным са свайго падворку.
31 ліпеня Ліза гуляла і бегала зь дзецьмі, як звычайна. Пахвалілася бацькам: «Я навучылася рабіць "кола"!». А на наступны дзень, 1 жніўня, дзяўчынка паскардзілася на боль у грудной клетцы і млоснасьць. У дзіцяці таксама паднялася тэмпэратура.
– Мы зьвярнуліся ў дзіцячую паліклініку ў Полацку. Доктарка, якая знаходзілася на прыёме, агледзела дзіця, паслухала, зьмерала тэмпэратуру. Паставіла дыягназ «востры гастрыт». Прызначэньні былі такія: нутрацягліцавая ін'екцыя процірвотнага прэпарату (яе зрабілі ў працэдурным габінэце тут жа па візыце да доктара), захаваньне дыеты і пітнога рэжыму, прыём «сьмекты». Ніякіх дадатковых аглядаў лекарка дачцэ не прызначыла і адправіла нас дадому, – успамінае мама.
Наступнага дня, 2 жніўня, у дзяўчынкі зьявіліся болі ў вобласьці жывата. Бацькі завезьлі яе да лекара ў Гаранскую амбуляторыю. Доктарка рэкамэндавала агляд хірурга. Лізу зноў прывезьлі ў дзіцячую паліклініку ў Полацак.
– Дачку агледзелі, але ёй рабілася ўсё горш і горш: яна нават не магла самастойна стаяць. Нас паслалі на аналіз крыві, – узнаўляе падзеі Натальля Рыхлёнак. – Дачка на вачох марнела, але яшчэ трымалася. Нічога ня выявіўшы, але бачачы, што стан пагаршаецца, з паліклінікі нас адправілі ў хірургічнае аддзяленьне цэнтральнага гарадзкога шпіталя. Адразу дзіця агледзеў хірург. Зрабілі рэнтген, УГД, узялі аналізы.
Натальля Рыхленок робіць націск на тым, што мэдыкі не спыталі ў яе, ці мае дзіця алергію на якія-небудзь мэдыкамэнты: «Пры гэтым у Лізы была схільнасьць да алергіі, у прыватнасьці на амаксіцылін, але толькі ня імпартны, а беларускай вытворчасьці».
«Пад кропельніцай дачка пасінела і страціла прытомнасьць»
У палаце хірургічнага аддзяленьня дзяўчынцы паставілі кропельніцу.
– Лекары сказалі, што ў кропельніцы быў папавэрын – каб у дачкі перастаў балець жывоцік. Ад нутравэннага ўліваньня яе стан пагоршыўся. Дзесьці траціна кропельніцы адкрапала – і Ліза стала сінець ды раптам страціла прытомнасьць. Проста на насілках у ліфце лекар рабіў ёй штучнае дыханьне. Лізу павезьлі ў рэанімацыю. Мы з мужам увесь час знаходзіліся побач, ля дзьвярэй. Мяркуючы па ўсім, нейкія прэпараты дачцэ калолі і ў рэанімацыі. Мы чулі, як Ліза зусім ненадоўга апрытомнела, стала размаўляць. А потым раптам крыкнула: «Мне балюча». Ізноў страціла прытомнасьць.
Нягледзячы на страшнае ўзрушэньне, Натальля добра памятае храналёгію падзеяў:
– Трапілі мы ў шпіталь каля пятай гадзіны вечара, гадзіне а шостай – палове на сёмую дзіцяці паставілі кропельніцу. А каля восьмай гадзіны вечара мы з мужам пачулі апошні крык сваёй дачкі пра тое, што ёй балюча. Пасьля гэтага мэдработнікі нам нічога не казалі, хоць мы шмат разоў пыталіся, як наша дачка. У першай гадзіне ночы нам паведамілі, што Ліза памерла. Паводле словаў лекараў, сьмерць зафіксавалі а 23:25.
Згодна з папярэднім заключэньнем паталягаанатама, прычынай сьмерці Лізы Рыхлёнак стаў міякардыт неўдакладнены (міякардыт – запаленьне сардэчнай цягліцы, міякарда. – рэд.). Але канчатковага заключэньня бацькі не атрымалі: у лякарні ім сказалі, што вынікі яны змогуць даведацца толькі праз паўтара-два месяцы.
– Нам вельмі важна разабрацца ў тым, што зьявілася прычынай сьмерці нашай дачкі, – уступае ў размову Анатоль Рыхлёнак, бацька дзяўчынкі. – Вельмі многае ў гэтай сытуацыі застаецца незразумелым. Дзіцяці лячылі ад гастрыту – прызначылі «сьмекту», дыету, а памёр ён ад сардэчнага захворваньня. У папярэднім заключэньні напісана адно: «міякардыт». А на словах нам заявілі, што гэта наогул нейкі невядомы навуцы вірус, які можа хутка зьесьці сэрца. На нашу з жонкай думку, Ліза памерла ад анафіляктычнага шоку.
Сьледчыя вядуць праверку
Па факце сьмерці дзіцяці ў Полацкім цэнтральным гарадзкім шпіталі праводзіць праверку Сьледчы камітэт.
– Праверку СК пачаў 16 жніўня, праз два тыдні пасьля сьмерці Лізы, і падставай для яе стаў наш зварот, – кажуць муж і жонка. – Яшчэ раней мы пісалі электронны зварот у Міністэрства аховы здароўя, але яго пераслалі на Віцебскі абласны аддзел аховы здароўя.
– 2 жніўня ў Полацкім ЦГШ памерла дзіця. У міжраённы аддзел Сьледчага камітэту паступіла заява ад бацькоў. Цяпер праводзіцца праверка – у дачыненьні да лекараў Полацкага ЦГШ, дзіцячай паліклінікі, Гаранскай амбуляторыі. Вядзецца збор дакумэнтаў: якія прэпараты дзіцяці ўводзілі, якое лекаваньне аказвалі і г.д. Сваё службовае расьсьледаваньне прызначыць Міністэрства аховы здароўя. Ужо праходзіць уласнае службовае расьсьледаваньне ў ЦГШ, – паведаміла сьледчая Полацкага міжраённага аддзелу СК Вольга Лысенка.
Ад далейшых камэнтароў яна ўстрымалася, адзначыўшы, што праверка будзе доўжыцца яшчэ некалькі месяцаў і пакуль яшчэ зарана казаць пра тое, што стала прычынай сьмерці дзяўчынкі.