Праваабаронца Леанід Сьвецік плянуе правесьці пікет з мэтай азнаямленьня жыхароў Віцебску з праблемамі, зьвязанымі з наяўнасьцю і прымяненьнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Адпаведная заяўка на правядзеньне акцыі пададзеная ім у адміністрацыю Чыгуначнага раёну гораду над Дзьвіной.

Грамадзкага актывіста Барыса Хамайду затрымалі за несанкцыянаванае пікетаваньне каля так званага «Сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна, дзе каля ўваходу ў краму «Веста» ён ужо даўно і стала распаўсюджвае незалежную прэсу. Віцебскага апазыцыянэра адвезьлі ў міліцыю Чыгуначнага раёну Віцебску. Праўда, праз паўгадзіны і адпусьцілі, не складаючы пратаколу.

Згодна з указам кіраўніка Беларусі «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеціва Інтэрнэт», «дзяржаўныя органы і арганізацыі забясьпечваюць стварэньне, функцыянаваньне і сыстэматычнае абнаўленьне інтэрнэт-сайтаў з выкарыстаньнем інфармацыйных сетак, сыстэм і рэсурсаў нацыянальнага сэгмэнту сеціва Інтэрнэт, разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Аднак, здаецца, віцебскаму абласному суду ўказ прэзыдэнта – ня ўказ. Яго сайт фізычна размешчаны не ў Беларусі, а ў Эстоніі…

У касах канцэртнай залі «Віцебск» кажуць, што на «Духоўныя гутаркі» Івана Ахлабысьціна, імпрэзу, якая мае адбыцца 12 кастрычніка, усе квіткі былі прададзеныя яшчэ тыдні два таму. «Што ж вы сьпіце ўсе? Цяпер пільнуйце — можа, хто здаваць будзе», — параіла касір. Квіткі на «Духоўныя гутаркі» Ахлабысьціна каштавалі ад 120 да 280 тысяч рублёў. Вялікая заля КЗ «Віцебск» разьлічаная на 1100 глядацкіх месцаў.

Сябра прафсаюзу РЭП Алена Шандзюкова зьвярнулася з пазовам у суд, каб спагнаць зь юрыдычнай кансультацыі № 2 Віцебску і Віцебскай абласной калегіі адвакатаў па адным мільёне рублёў маральнай шкоды. Прычынай такога беспрэцэдэнтнага пазову сталі адмова адваката Натальлі Станкевіч ў аказаньні юрыдычнай дапамогі актывістцы і пазыцыя намесьніка Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Алены Барашкавай, якая заклікала спадарыню Шандзюкову наогул адмовіцца ад разгляду яе грамадзянскай справы ў судзе.

Віцебскі сябра незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Аляксандар Кірылаў праходзіў курс лячэньня ў Рэспубліканскім шпіталі спэлеалячэньня ў Салігорску. Адтуль ён патэлефанаваў на «гарачую лінію» ў Міністэрства аховы здароўя і паскардзіўся на факты п’янак у клініцы, парушэньне правілаў унутранага распарадку, неаказаньне хворым на бясплатнай аснове мэдычных паслуг. Актывіста выслухалі і параілі вырашыць ўсе пытаньні на месцы. Неўзабаве ж пасьля таго, як ён паспрабаваў зрабіць гэта, яму прыйшлося кінуць свае манаткі ў шпіталі і ўцякаць на перакладных дадому ў Віцебск.

Паводле стану на 1 верасьня колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 204,4 тысячы чалавек і за жнівень не зьмянілася. Другі месяц Віцебшчына радуе адсутнасьцю адмоўных паказчыкаў. Праўда, як і ў ліпені, абумоўлена гэта не натуральным прыростам насельніцтва (перавышэньне нараджальнасьці над сьмяротнасьцю), а міграцыйным прыростам.

«Пра маральнасьць і паліткарэктнасьць у дачыненьні да асобы з боку Лукашэнкі размова проста не ідзе. Гэта два паралельных сьветы, якія не перасякаюцца. Нават калі Лукашэнка хоча здацца сумленным і прыстойным палітыкам, то ў яго не атрымліваецца: увесь час вылазіць унутраная натура. З гэтым нічога ня зробіш - яна такая, якая ёсьць», - гэтак палітвязень Павал Севярынец пракамэнтаваў расісцкае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі ў адрас Барака Абамы.

Пра гісторыю свайго звальненьня распавёў сябар партыі БНФ Аляксандар Ільінец, які працаваў майстрам у брыгадзе цэху ўласнай вытворчасьці ў краме №139 гандлёвай сеткі “Веста”, займаўся выпечкай хлеба-булачных і кандытарскіх вырабаў. Ён цьвердзіць, што нараканьняў на сваю працу з боку кіраўніцтва ня меў, але пасьля таго, як стала вядома пра ягоны ўдзел у кампаніі “Зробім лепш”, пачаліся праблемы. Паводле словаў актывіста, яму прапанавалі разьвітацца з працай - “па-добраму”, пасьля тэлефанаваньня дырэктарцы крамы.

Адміністрацыя ААТ “Полацак-Шкловалакно” сьцьвярджае, што праблеме гарачага харчаваньня на прадпрыемстве надаецца самая сур’ёзная ўвага. Маўляў, сталоўкі, кулінарыя, малочны пункт забясьпечваюць завадчан якаснай ежай, выпечкай, прадуктамі, у цэхах абсталююцца пакоі прыёму ежы, куды набываюцца неабходныя электрапрыборы. Аднак у цэху № 7 пакою прыёму ежы дагэтуль няма, хаця інтэнсыўнасьць працы работнікаў цэху вельмі высокая, і не заўсёды ёсьць час схадзіць у сталоўку.