«Стаяў, як заўжды, пад бел-чырвона-белым парасонам. Быў прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Была і вышытая чырвоным на белай палатніне малітва „Ойча наш“ — падарунак актывісткі Антаніны Піванос. Гэта ўсё было як звычайна. Але пад’ехалі міліцыянты, сказалі, што ў мяне несанкцыянаваны пікет, і павезьлі ў пастарунак», — паведаміў Хамайда.
Ён згадвае, што апошні раз з гэтага месца яго забіралі ў міліцыю летась у верасьні, калі ён агітаваў за байкот выбараў: «Тады мяне аштрафавалі — прысудзілі 20 базавых велічынь штрафу. І ўсё — з тае пары не чапалі. Я нават забыўся, што ў нас ёсьць міліцыя — стаяў сабе з газэтамі спакойна… Цяпер гляджу — у пастарунку зьявіліся новыя дзьверы, рамонт. Міліцыянты папрасілі пачытаць газэту — даў ім „Новы час“, няхай чытаюць!»
Барыс Хамайда распаўсюджвае незалежную прэсу на гэтым месцы ў цэнтры Віцебску ўжо ня першы год. Неаднойчы яго затрымлівалі за несанкцыянаваныя пікеты і каралі штрафамі праз суд. Штрафы ён ня плаціць з прынцыповых меркаваньняў — бо ня лічыць сябе вінаватым.
Крыніца: Радыё Свабода