28.06.2024 Тэгі: праваабаронцы, салідарнасць Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік. Фота: spring96.org У Варшаве 28 чэрвеня на 60-годзе жыцця раптоўна пайшоў з жыцця праваабаронца з Віцебска, які шмат гадоў кіраваў Віцебскім аддзяленнем Праваабарончага цэнтра “Вясна”, сябра БАЖ Леанід Свецік.

Больш за два дзесяцігоддзі ён займаўся абаронай правоў чалавека на Віцебшчыне, прымаў актыўны ўдзел у розных праваабарончых, інфармацыйных і адукацыйных праграмах і ініцыятывах “Вясны”, неаднаразова ўдзельнічаў у кампаніях назірання за выбарамі ў Беларусі, уздымаў набалелыя для рэгіёна праблемы і намагаўся іх вырашэння.

За сваю цалкам легальную дзейнасць Леанід некалькі разоў патрапляў пад адміністрацыйны і крымінальны пераслед.

У выніку рэпрэсій 2021 года Леанід Свецік быў вымушаны пакінуць Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу. Але і ў эміграцыі заставаўся актыўным і працягваў займацца праваабарончай дзейнасцю.

“Вясноўцы” смуткуюць з прычыны заўчаснай смерці калегі і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім памерлага.

Крыніца: "Вясноўцы" смуткуюць з прычыны раптоўнай смерці праваабаронцы Леаніда Свеціка