Лідарку незалежнага прафсаюзу затрымалі 11 жніўня 2023 г. у межах крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Па звестках праваабаронцаў, следства безвынікова шукала доказы вінаватасці Брыцікавай, адпаведныя высунутаму абвінавачванню. У апошнія месяцы 2023 г. у Наваполацку масава затрымлівалі былых і цяперашніх работнікаў «Нафтана», у тым ліку ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку, і распытвалі іх пра дзейнасць Вольгі Брыцікавай. Але, падобна, доказаў супраць яе, каб прымяніць згаданы вышэй артыкул Крымінальнага кодэксу, так і не знайшлі.
Крымінальную справу жанчыны сёлета ў сакавіку пачаў разглядаць Віцебскі абласны суд. Разгляд цягнуўся з перапынкамі каля месяца. Брыцікаву прызналі вінаватай паводле паводле ч.1 арт 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы). 11 чэрвеня Вярхоўны суд разбіраў апеляцыйную скаргу Вольгі Брыцікавай. Афіцыйнай інфармацыі наконт выракаў няма. Паводле неафіцыйных крыніцаў, лідарку незалежнага прафсаюзу асудзілі да 3-х гадоў зняволення ў калоніі.
Вікторыя Фралова