За адно і тое ж: падзяка ад міністра абароны і адміністрацыйны штраф
Міністар абароны аб'явіў пісьмовую падзяку братам Мішурным за знойдзеныя імі парэшткі савецкіх воінаў часоў Другой сусьветнай вайны. А наступнага дня адміністрацыйная камісія Віцебскага райвыканкаму наклала на аднаго з братоў адміністрацыйнае спагнаньне ў памеры 10 базавых велічынь.
Віцебскія праваабаронцы прааналізавалі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў
На Віцебшчыне, як і па ўсёй Беларусі, палітычныя партыі і грамадзкія актывісты аналізуюць вынікі ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта. Віцебскія праваабаронцы, якія актыўна ўдзельнічалі ў назіраньні за ходам выбарчай кампаніі на розных яе этапах, падзяліліся сваімі ўражаньнямі і абмеркавалі вынікі мінулага палітычнага мерапрыемства.
Сябра партыі БНФ звольненая за ўдзел у выбарах у якасьці назіральніка?
Людміла Церашонкава, якая працавала ў дзіцяча-юнацкай школе (ДЮСШ) алімпійскага рэзэрву № 4 дворнікам, лічыць сваё звальненьне палітычна матываваным.
Жыхары Віцебску не аднадушныя ў дачыненьні да сьмяротнага пакараньня
Невялічкае апытаньне, праведзенае карэспандэнтам Віцебскай вясны, наконт стаўленьня беларусаў да існаваньня ў краіне сьмяротнага пакараньня, безумоўна, не зьяўляецца нейкім глыбокім дасьледаваньнем грамадзкай думкі, але пэўную карціну настрояў у грамадзтве ўсё-ткі дэманструе.
Юры, 62 гады. Гэтыя вырадкі гвалтуюць, забіваюць жанчын, а мы ім - дараваць? Не, хай ведаюць: пакараньне няўхільнае. А так што атрымліваецца? Забіў, зарэзаў, пазбавіў чалавека жыцьця - і сядзі пажыцьцёва, кніжкі чытай, тэлевізар глядзі, на шпацыр цябе вывядуць, пігулку дадуць, калі галава забалела. Я супраць такога курорту. Няхай ведаюць: за забойства табе адплацяць тым жа. Сьмяротнае пакараньне павінна быць у нашым заканадаўстве.
Вольга, 30 гадоў. Складанае пытаньне! Адназначнага стаўленьня да сьмяротнага пакараньня я ня маю, таму не магу з поўнай упэўненасьцю сьцьвярджаць, што яна патрэбная ці не патрэбная. Не магу я так сказаць! Напрыклад, у выпадках пэдафіліі мяркую, што яна вельмі нават дарэчная! Але праблема, як мне здаецца, яшчэ ў тым, наколькі дакладна будзе даказанае дачыненьне падазраванага да гэткага кшталту злачынстваў.
Наогул, калі шчыра, я думаю, што сьмерць для забойцаў, злосных гвалтаўнікоў, пэдафілаў і такога кшталту злачынцаў - вельмі лёгкае вырашэньне праблемы! Мяркую, што нават пры пажыцьцёвым зьняволеньні сумленьне іх наўрад ці будзе мучыць... Карацей, заблыталася...
Зьміцер, 27 гадоў. Я супраць сьмяротнага пакараньня ў любой яго праяве. Я нават пэтыцыю супраць сьмяротнага пакараньня падпісаў. Магу вам сваё прозьвішча назваць. Мне баяцца няма чаго і няма каго - са мною Бог, каго мне баяцца? Я б сьмяротнае пакараньне замяніў пажыцьцёвым зьняволеньнем. Сьмяротнае пакараньне - гэта барбарства. Дзякуй Богу, што на двары ўжо 21 стагодзьдзе. Але ў мяне такое адчуваньне, што мы завісьлі ў каменным веку і жывём у ім ужо гадоў 20.
Сьмяротнае пакараньне трэба скасаваць. Бо кожнага чалавека, у тым ліку і кожнага з нас, можна асудзіць па памылцы. А калі сьмяротнае пакараньне прымененае і пасьля высьветліцца, што чалавек не вінаваты, калі ўсе, у тым ліку і суд, памыліліся, чалавека ж ужо не уваскрэсіш. Такія выпадкі былі ў 90-х. Памыляліся, вырак праводзілі ў выкананьне, а потым высьвятлялася, што расстраляны чалавек наогул ні пры чым. Да таго ж для цяперашняй, дзеючай тут, улады сьмяротнае пакараньне зьяўляецца надзейным інструмэнтам для барацьбы з іншадумствам. Яна можа зьнішчыць любога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і ёй за гэта нічога ня будзе. Таму я супраць сьмяротнага пакараньня. Яе даўно ўжо было трэба адмяніць. Але пакуль ва ўладзе дыктатар Лукашэнка, я мяркую, што сьмяротнае пакараньне адмененае ня будзе.
Аляксандра, 23 гады. Я за захаваньне сьмяротнага пакараньня для тых, хто яе заслугоўвае (маньякі, пэдафілы). Іх вельмі багата апошнім часам зьявілася і, калі яе адмяніць, то такія “людзі” будуць адчуваць адносную беспакаранасьць. Я мяркую, што ёсьць злачынствы, за якія магчымая толькі такая расплата. І яшчэ: у выпадку пажыцьцёвага зьняволеньня ў турме іх будуць утрымліваць за кошт звычайных падаткаплацельшчыкаў, а гэта, на мой погляд, таксама несправядліва.
Ксенія, 20 гадоў. Я супраць сьмяротнага пакараньня! Вядома шмат выпадкаў, калі пакаралі сьмерцю невінаватых. Напрыклад, гісторыя зь Міхасевічам. Ёсьць і іншыя выпадкі нядаўняга часу. З-за трагедыі ў Менскім мэтро былі расстраляныя хлопцы - нібыта яны “тэрарысты”... Хаця ўсе мы разумеем, што і як насамрэч... Гэта зьверства нейкае. Тым больш, калі сапраўды невінаватыя людзі церпяць, а ў нас так у асноўным і атрымліваецца.
Аляксандар, 23 гады. Я супраць. Бо заўсёды ёсьць мажлівасьць, што будзе асуджаны невінаваты. Трэба разумець, што чалавек, які выконвае вырак, сам становіцца забойцам, а асуджаны - ахвярай. Гэта няправільна, і па карме блытаніна. Забойства праблему не вырашае. На мой погляд, лепш замена сьмяротнага пакараньня пажыцьцёвым, каб чалавек за свой учынак нёс адказнасьць больш сур'ёзную.
Ларыса, 58 гадоў. Чалавек не валодае правам даваць ці адымаць жыцьцё ў падобнага да сябе Ня мае ён такога права. Такое права належыць толькі Богу, таму пазбаўляць чалавека жыцьця - гэта амаральна. Ня могуць чалавек і грамадзтва, калі яны гуманныя, прыпадабняцца злу і служыць яму. Ніякім законам не апраўдаць парушэньне адной з галоўных запаведзяў: “Не забі”. Апроч таго, мы выдатна ведаем пра мноства судовых памылак, у выніку якіх на пакараньне ішлі зусім бязьвінныя людзі. Колькі было пацярпелых толькі па адной справе віцебскага манька Міхасевіча.
Падобныя жыцьцёвыя гісторыі сталі асновай для стварэньня высокамастацкіх твораў. Прыгадайце хаця б вядомы амэрыканскі фільм “Залатая міля”. А цяпер падумайце, калі такое здараецца ў дэмакратычных краінах, то наколькі больш гэткага кшталту памылак у краінах, дзе пра дэмакратыю даводзіцца толькі марыць. Як мы бачым, у сучасным сьвеце дастаткова выразна праяўляецца заканамернасьць: чым больш высока арганізаванае грамадзтва, тым яно менш крыважэрнае, у тым ліку і ў дачыненьні да людзей, якіх нават язык не паварочваецца так называць.
Пажыцьцёвае зьняволеньне дае патэнцыйную магчымасьць пры незаконным абвінавачаньні даказаць сваю недатычнасьць да злачынстваў, за якія чалавек быў асуджаны. Адмена сьмяротнага пакараньня дасьць грамадзтву магчымасьць заставацца на прынцыпах справядлівасьці і гуманнасьці.
С. Горкі, Віцебская вясна
Праваабаронца Міхаіл Жамчужны застаўся бяз пэнсіі
З-за бюракратычных затрымак і недасканаласьці беларускіх законаў праваабаронцу Міхаілу Жамчужнаму, што ўтрымліваецца ў Сьледчым ізалятары №2 Віцебску, не ўдаецца дамагчыся прызначэньня сацыяльнай пэнсіі, якая яму належыць па дасягненьні пэнсійнага ўзросту.
14 жніўня віцебскаму праваабаронцу споўнілася 60 гадоў, і згодна зь дзейным заканадаўствам ён мае права зьвярнуцца ў паўнамоцныя дзяржаўныя органы дзеля прызначэньня яму пэнсіі па дасягненьні старасьці. Каб скарыстацца з гэтага права, Міхаіл Жамчужны зьвярнуўся ў тэрытарыяльную ўправу сацыяльнай абароны адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Аднак адказу з гэтай дзяржустановы ён не атрымаў. Гэтая акалічнасьць вымусіла Жамчужнага двойчы цягам жніўня-верасьня зьвярнуцца ў Камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму. Нарэшце, у пачатку кастрычніка праваабаронца атрымаў доўгачаканы адказ ад старшыні гэтага камітэту Аляксандра Хрыстафорава.
Чыноўнік паведаміў Жамчужнаму шакавальную вестку: ён ня зможа атрымаць пэнсію, што належыць яму паводле закону, як мінімум за тры месяцы, бо не была запушчаная працэдура яе афармленьня. Такім чынам, з-за бюракратычных затрымак і галавацяпства дзяржслужбоўцаў вязень пазбавіўся магчымасьці своечасова падаць заяву на афармленьне пэнсіі.
Дзеля абароны свайго права на сацыяльнае забесьпячэньне ў старасьці, гарантаванага Канстытуцыяй, Міхаіл Ігаравіч падаў заяву на імя кіраўніка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай. У заяве ён паставіў пытаньне пра выплату яму сацыяльнай пэнсіі ў сувязі з дасягненьнем пэнсійнага ўзросту.
Праваабаронца паведаміў міністру пра тое, што ён мае бесьперапынны працоўны стаж з 1972 году і ў цяперашні час знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, што не дазваляе яму самастойна аформіць пэнсію. У гэтай справе ён ня можа спадзявацца на дапамогу сваякоў, бо іх ня мае. Зыходзячы з гэтых абставінаў, Жамчужны просіць Марыяну Акіндзінаўну, каб яму была налічаная пэнсія, і каб гэтую пэнсію пералічвалі на яго асабісты рахунак у тую папраўчую ўстанову, дзе ён будзе адбываць прызначанае судом пакараньне.
Страйкуюць полацкія прадпрымальнікі
Больш за 10 полацкіх прадпрымальнікаў 16 кастрычніка падвергліся канфіскацыі тавару на дзясяткі мільёнаў рублёў. Гэта выклікала шок у пацярпелых. Улады Полацку заяўляюць, што ўсё робіцца ў адпаведнасьці з законам і канфіскаваны тавар ня вернуць. Прадпрымальнікі рыхтуюцца да дзеяньняў у адказ для абароны тавару ад канфіскацыі і захаваньня сваіх працоўных месцаў.
У Празе віцебскі журналіст узяў удзел у пікеце супраць фальшаваньня выбараў
У асноўны дзень галасаваньня на выбарах–2015 шэраг журналістаў і грамадзкіх актывістаў зь Беларусі і Ўкраіны зладзілі пікет ля амбасады Беларусі ў Чэхіі, пратэстуючы супраць фальшаваньня выбараў і чарговага “пераабраньня” Аляксандра Лукашэнкі на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Сярод удзельнікаў пікету быў незалежны журналіст зь Віцебску Кастусь Мардзьвінцаў.
На выбарчым участку ў Віцебску зафіксаваны ўкід бюлетэняў
Укід бюлетэняў зафіксаваны на 68 участку Першамайскага раёну Віцебску, разьмешчаным у будынку КУП «Віцьба». Пра гэта паведамілі назіральнікі з аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
Паштоўка ад Лукашэнкі парушае выбарчае заканадаўства
Жыхары Віцебшчыны атрымалі разам з поштай агітацыйную прадукцыю – каляровую паштоўку з выявай Аляксандра Лукашэнкі і ягоным подпісам на адваротным баку. Патрабаваньні да друкаванай агітацыйнай прадукцыі парушаныя, лічыць актывіст Мікалай Петрушэнка.
На адным зь віцебскіх участкаў знайшліся «даатрыманыя» бюлетэні
100 бюлетэняў дадалося на ўчастку № 61 Першамайскага раёну ў ноч пасьля першага дня датэрміновага галасаваньня. Прынамсі, пра гэта сьведчаць пратаколы ўчастковай камісіі.