Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што іх прысутнасьць у якасьці назіральнікаў у тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіях дабратворна паўплывала на працу гэтых камісіяў. Актывісты праваабарончага руху, якія добра ведаюць заканадаўства і маюць шматгадовы досьвед назіраньня за электаральнымі кампаніямі, апэратыўна выяўлялі памылкі ў выкананьні выбарчых працэдур і паведамлялі пра іх работнікам ВК. Тым самым яны ўдзельнічалі ў выпраўленьні хібаў і адкрытых падтасовак падчас прымяненьня выбарчага заканадаўства.
Кажучы пра мінулую кампанію, праваабаронцы адзначылі некалькі прынцыповых момантаў, якія аказалі істотны ўплыў на давер грамадзкасьці да вынікаў выбараў.
Перш за ўсё, пытаньні выклікае фармаваньне УВК. Як правіла, участковыя выбарчыя камісіі фармуецца на базе калектываў дзяржаўных арганізацыяў або устаноў. Узначальваць камісію выканаўчай уладай ставіцца кіраўнік арганізацыі. Падпарадкаваныя старшыні камісіі – шараговыя працаўнікі гэтай самай эканамічнай ячэйкі грамадзтва. Такім чынам, кіруючая выбарчая вэртыкаль можа кіраваць УВК непасрэдна праз кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацыяў.
Другая праблема – гэта датэрміновае галасаваньне. Яно патрэбнае для таго, каб кантраляваць вынік абраньня кіраўніка краіны або дэпутата. Рэч у тым, што пры адсутнасьці належнага кантролю з боку назіральнікаў маецца магчымасьць дакладна ведаць, за каго прагаласавалі выбаршчыкі. Гэта дазваляе выключыць са скрыняў для датэрміновага галасаваньня запоўненыя бюлетэні за аднаго кандыдата і ўкінуць у скрыню бюлетэні, запоўненыя за таго кандыдата, які паводле плянаў улады мусіць стаць пераможцам. Балазе, бюлетэні дагэтуль ня маюць нумароў і іншых ахоўных элемэнтаў, і тыя бюлетэні, якія выкарыстоўваюцца для галасаваньня, можна лёгка размножыць на ксэраксе – і ніхто не заўважыць іх падмены. Адсюль патрэбны для ўладаў кандыдат да дня асноўнага галасаваньня мае фору перад сваімі канкурэнтамі як мінімум у 30%.
Трэцяя праблема – падлік галасоў. Ён праходзіць непразрыста, што дае шырокія магчымасьці для маніпуляцыяў вынікамі ў апошні дзень выбараў – у дзень асноўнага галасаваньня.
Астатнія парушэньні патрабаваньняў выбарчага закону – маніпуляцыі са сьпісамі выбаршчыкаў, прыхаваная ці яўная агітацыя на выбарчых участках, прысутнасьць староньніх асоб на выбарчых участках, масавае галасаваньне па-за выбарчымі ўчасткамі (галасаваньне дома) – істотна не ўплываюць на вынікі галасаваньня, мяркуюць праваабаронцы.
Прааналізаваўшы мінулыя выбары, віцебскія праваабаронцы вырашылі прапанаваць уладам угоду – у наступную электаральную кампанію прызначыць іх старшынямі некалькіх участковых выбарчых камісіяў.
У выпадку, калі вынікі на гэтых выбарчых участках ня будуць істотна адрозьнівацца ад вынікаў на іншых участках, то грамадзянскія актывісты гатовыя прызнаць сваё меркаваньне пра фальшаваньне выбараў памылковым, прынесьці уладам публічныя прабачэньні і прызнаць беларускі Выбарчы кодэкс адпаведным эўрапейскім стандартам дэмакратычных выбараў.