Аўторак, 19 Лістапад 2024

Газета «Голас Сенненшчыны» не паведаміла ніводанага факту, згаданага на пасяджэнні райвыканкама

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Раённае дзяржаўнае выданне размясціла на сваім сайце артыкул, дзе гаварылася пра пасяджэнне райвыканкама, дзе разглядалася, як суб'екты гаспадарання выконваюць Дырэктыву «О мерах по укреплению общественной безопасности и дисциплины», а таксама як рэалізуецца праграма «Комфортное жилье и благоприятная среда» на 2021-2025 годы» на Сенненшчыне. Адказы на пытанне «Як?» чытачам не паведамілі.

Газету «Голас Сенненшчыны» можна ўганароўваць адмысловым прызам за майстэрства нічога не напісаць па сутнасці важных пытанняў. У артыкуле «На заседании райисполкома рассмотрели актуальные вопросы» яны толькі пералічаны.

Таксама ў ім працытаваны выказванні старшыні райвыканкама Алега Макарэвіча – гучныя фразы, якія не маюць аніякай сэнсавай нагрузкі. Што канкрэтнага, да прыкладу, чытачы газеты і наведнікі сайта «раёнкі» могуць даведацца з наступнага набору словаў: «Мы прикладываем много усилий, чтобы наши населенные пункты стали чище, уютнее, краше. Необходимо уделить должное внимание для создания безопасных условий труда и для проживания». Або: «Сегодня очень важно, чтобы каждый человек почувствовал ответственность за жизнь и здоровье не только свое, но и окружающих, товарищей по работе, а руководители — за структурные подразделения и подчиненных».

«От уровня организации работы с людьми по всем направлениям, от взаимодействия районных структур и управленческих решений, которые мы принимаем, напрямую зависит качество жизни населения района», - заявіў Алег Макарэвіч. Але не прывёў ніводнага факта пра тое, як у раёне працуюць з патрабаваннямі Дырэктывы №1 або як рэалізуецца праграма «Комфортное жилье и благоприятная среда».

Або нешта такое гучала на пасяджэнні, але газета вырашыла, што няма чаго распавядаць пра гэта чытачам. Затое ў дадатак да артыкула з некалькіх сказаў выйшаў фотарэпартаж, дзе на 9-ці непадпісаных здымках невядомыя людзі выступаюць за трыбунай або сядзяць у залі. Дарэчы, распытаць пра нешта ў прыватным парадку таксама не атрымаецца: у газеце няма магчымасці для каментавання матэрыялаў.

Знайсці на сайце выдання нейкія іншыя артыкулы, прысвечаныя пытанням, якія разгладаліся на апошнім пасяджэнні райвыканкама, таксама практычна не магчыма.

Ларыса Кажэўнікава