18.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Чарговыя выбары прэзідэнта ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года, суправаджаюцца традыцыйнымі рэпрэсіямі. 14 лістапада адбылася другая хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
На Аршаншчыне — пераслед чыгуначнікаў
Так, не выходзячы на волю, ужо трэці раз быў асуджаны машыніст лакаматыўнага дэпо Юры Жук. Апошні раз яго асудзілі на «суткі» 13 лістапада, а да таго судзілі двойчы.
Таксама на мінулым тыдні стала вядома, што быў затрыманы Валянцін Валянцінавіч Мартынаў — манцёр чыгуначных шляхоў. Яго абвінавачваюць па крымінальным «экстрэмісцкім» артыкуле, піша orsha.еu. Пра факты пераследу стала вядома 18 лістапада.
Беларуса затрымалі праз застаўку тэлефона на спартыўным мерапрыемстве
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына падчас спартыўнага мерапрыемства адкрыў свой тэлефон і яго суседзі ўбачылі застаўку на ім. Пра гэта стала вядома 18 лістапада.
Мужчыну затрымалі, як пішуць сілавікі, у ягоным тэлефоне знайшлі інфармацыю «не толькі на адміністрацыйную справу, але яшчэ і на крымінальную».
У Ваўкавыску затрымалі Аляксандра Сезеня
18 лістапада стала вядома, што ў Ваўкавыску яшчэ 13 лістапада быў затрыманы Аляксандр Сезень. У яго кватэры ў шмакватэрным доме, што па вуліцы Гарбатава, быў праведзены ператрус. Па некаторых звестках адбыўся таксама пазнейшы начны ператрус, калі сам Сезень, які мае значныя праблемы са здароўем, знаходзіўся ў шпіталі. Што яму збіраюцца інкрымінаваць — пакуль невядома.
Аляксандр неаднаразова затрымліваўся міліцыяй яшчэ да 2020 года, ён вёў цяжбу з рознымі дзяржаўнымі структурамі і пісаў скаргі.
33-гадовая жыхарка Мазыра апублікавала ў TikTok «абразлівы ролік на адрас супрацоўніка мясцовай ДАІ» — яе затрымалі
Пра гэта 18 лістапада паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.
Паводле іх, «дзяўчына проста вырашыла прыцягнуць увагу, запісаўшы на тэлефон свой адыход ад машыны ДАІ. Яна дадала да відэа арыгінальную гукавую дарожку, патлумачыўшы гэта тым, што "ўбачыла ролік у інтэрнэце з міліцыяй і вырашыла паўтарыць"».
Паведамляецца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў праглядзелі ролікі дзяўчыны ў TikTok і «знайшлі там шмат цікавага, у тым ліку сувязі з экстрэмізмам». У выніку ёй вынеслі «некалькі адміністратыўных пакаранняў».
Крыніца: Затрыманні за застаўку на тэлефоне і TikTok: хроніка пераследу 17-18 лістапада