Прадпрымальнікі полацкага рынку, якія гандлююць адзеньнем, ужо другі дзень не працуюць, пратэстуючы супраць канфіскацыі тавару. 17 кастрычніка а 09:30 каля 200 індывідуальных прадпрымальнікаў прыйшлі да будынку Полацкага райвыканкаму для вырашэньня праблемы зь мясцовай уладай.
У будынак выканкаму ў канферэнц-залю людзей не пусьцілі. Толькі шасьцярым самым актыўным прадпрымальнікам дзяжурны міліцыянт дазволіў увайсьці ўнутар, каб сустрэцца з намесьнікам старшыні райвыканкаму па эканамічных пытаньнях Аляксандрам Каладынскім. На сустрэчы прысутнічалі начальнікі мясцовай міліцыі, АБЭЗ і падатковай інспэкцыі. Размова доўжылася каля гадзіны, увесь гэты час прадпрымальнікі бурна абмяркоўвалі праблему і раздавалі інтэрвію розным карэспандэнтам.
Актывісты, якія выйшлі зь перамоваў, добрых вестак грамадзе не прынесьлі. Пазыцыя ўлады: мы ўсе робім паводле закону, і будзем дзейнічаць гэтак жа надалей, канфіскаваны тавар ня вернем, ня згодныя - падавайце на нас у суд. Паводле заявы прадстаўнікоў уладаў, прычынай праверак на рынку сталі скаргі ад невядомых пакупнікоў на якасьць тавару, набытага ў прадпрымальнікаў, але ў гэта прадпрымальнікі не паверылі. Яны мяркуюць, што праверкі і канфіскацыі тавару на рынку ініцыяваныя мясцовай падатковай інспэкцыяй для папаўненьня гарадзкога бюджэту.
Перамоўшчыкі распавялі, якія захады можна зрабіць кожнаму прадпрымальніку дзеля абароны свайго тавару. Прадпрымальнікі, якія сабраліся, задавалі рытарычнае пытаньне: «Што нам рабіць далей?», сталі прапаноўваць магчымыя варыянты дзеяньняў. Гучалі прапановы аб працягу страйку з 1 лістапада, аб калектыўным пісьмовым звароце да ўладаў. Пакуль спыніліся на апошнім: прынятае рашэньне падрыхтаваць цягам дня пісьмовы зварот да ўладаў ад полацкіх прадпрымальнікаў, сабрацца назаўтра на рынку для падпісаньня звароту, сёньня на рынку не працаваць.
Пасьля завяршэньня імправізаванага сходу больш за сотню прадпрымальнікаў пайшлі пешшу на рынак, каб азнаёміцца з абставінамі і абмеркаваць далейшыя дзеяньні. Рынак быў практычна пусты, працавалі ў асноўным толькі прадаўцы запчастак да аўтамабіляў і прадаўцы прадуктаў харчаваньня.
Многія прадпрымальнікі ў разгубленасьці, асабліва жанчыны. Кажуць, што ім не пакідаюць ніякага выбару. «Куды я пайду працаваць, калі не змагу гандляваць на рынку? У Полацку няма працоўных вакансіяў, моладзь можа зьехаць у іншую краіну, а я ўжо не паеду... » - кажа жанчына сярэдніх гадоў.
Аляксандaр Марозаў, Віцебская вясна
https://viciebskspring.org/news/akcyi/item/272-strajkuyuts-polatskiya-pradprymalniki#sigProId9fc074145e