Серада, 20 Лістапад 2024

Сябры ініцыятывы «Хайсы-віцебскія Курапаты» высвятляюць асобу расстралянай жанчыны, якая пакінула для нашчадкаў толькі сваё імя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Імя жанчыны – Рыта – было надрапана на ручцы зубной шчоткі, якую знайшлі на месцы масавых расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. Артэфакт дасталі з зямлі падчас эксгумацыі парэшткаў, якую праводзіў 52-гі пашуковы батальён у 2017 годзе. Актывістам ініцыятывы, якія даведаліся пра «расстрэльнае месца» дзякуючы мясцовым жыхарам, удалося сфатаграфаваць знаходку. Цяпер яны праводзяць уласнае даследаванне, каму яна магла належаць.

Імя «Рита» - адзіны ключ да разгадкі гэтай таямніцы. Паводле дадзеных рэсурса «Открытый список», дзе сканцэнтраваны звесткі Міжнароднага Мемарыяла, жанчыны з такім імем, асуджанай да найвышэйшай меры пакарання і расстралянай у Віцебску ці найбліжэйшых ваколіцах,  няма. Але ёсць дзве Маргарыты, і кожная з іх магла б быць імавернай гаспадыняй зубной шчоткі, знройдзенай на месцы масавых расстрэлаў.Маргарыта Іванаўна Піульская -

адна з ахвяраў сталінізму, абвінавачаная ў дачыненні да дзейнасці «Польскай арганізацыі вайсковай» - выдуманай структуры, «удзел» у якой стаў падставай для расстрэлаў соцень жыхароў Беларусі.

М.І.Піульская нарадзілася ў 1886 годзе ў Гродненскай вобласці, у дакументах была запісана полькай. Паходзіла з сялянскай сям'і, мела пачатковую адукацыю, у Віцебску працавала кандуктарам трамвая. Месца пражывання - вуліца Верхнепятроўская (цяпер вул.Акцябрская), д.30-б.

52-гадовую Маргарыту Піульскую арыштавалі 10 лютага 1938 года. Крыху больш чым праз паўтара месяцы, 25 сакавіка 1938 года, Камісія НКУС СССР і Пракуратура СССР прызналі яе вінаватай па арт. 64, 72, 76 Крымінальнага Кодэкса БССР. Жанчыну асудзілі да найвышэйшай меры пакарання і расстралялі 4 чэрвеня 1938 года.

«Месца смерці – Віцебск», -
пазначана на сайце openlist.wiki. Таксама, па інфармацыі з гэтага рэсурса, Маргарыту Піульскую рэабілітавалі паводле рашэння Віцебскай абласной пракуратуры 26 кастрычніка 1989 года.

Справа расстралянай дагэтуль захоўваецца ў архіве Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці. Магчыма, у ёй указана і дакладнае месца расстрэлу, бо такіх месцаў у рэгіёне некалькі: лясное ўрочышча каля вёсак Хайсы і Дрыколле, лес каля вёскі Паляі і турма НКУС у самім Віцебску.

Маргарыта Эдуардаўна Белановіч –

яшчэ адна верагодная гаспадыня зубной шчоткі, знойдзенай у супольнай магіле безыменных ахвяраў. Яна нарадзілася ў 1879 годзе ў Дзвінску (тагачасная назва Даўгаўпілса). Мела няпоўную сярэднюю адукацыю, працавала тэлеграфісткай на тэлефоннай станцыі ў Віцебску. Жыла па адрасе 2-я Украінская уліца, д.7 (вуліца з такой назвай дагэтуль існуе і знаходзіцца ў раёне ДСК).

У дакументах Маргарыта Белановіч была запісана немкай. Што і стала падставай для абвінавачання ў шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы. 59-гадовую «шпіёнку» арыштавалі 21 ліпеня 1938 года. Праз два месцы, 27 верасня, жанчыну прызналі вінаватай паводле  арт. 64, 68, 72, 76 Крымінальнага Кодэкса БССР і асудзілі да канфіскацыі маёмасці і найвышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 8 кастрычніка 1938 г.

Рэабілітавалі Маргарыту Белановіч 29 кастрычніка 1989 года згодна з пастановай Вайсковай пракуратуры Беларускай вайсковай акругі. Яе справа, паводле сайта openlist.wiki, таксама захоўваецца ў архіве Віцебскага абласнога ўпраўлення КДБ. У адкрытых крыніцах не пазначана, дзе менавіта расстралялі жанчыну. Але з вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што гэта таксама адбылося ў Віцебску ці пад Віцебскам.

Актывісты працягваюць пошукі

Міжнародны Мемарыял сабраў вялікі аб'ём матэрыялаў пра ахвяр сталінскага тэрору, але гэта далёка не ўсе звесткі пра рэпрэсаваных. Мажліва, інфармацыя пра жанчыну, якая падпісала зубную шчотку сваім імем, усё яшчэ схавана ў нетрах архіваў Камітэта дзяржбяспекі. А можа, гэта і ёсць адна з двух асобаў, чые лёсы згаданы ў гэтым тэксце. Аматары-даследчыкі плануюць адшукаць нашчадкаў Маргарыты Піульскай і Маргарыты Белановіч – можа, у іхных сям'ях захоўваецца памяць пра бязвінна забітых продкаў.

У лесе каля вёскі Хайсы зроблены самадзейны мемарыял – некалькі дзясяткаў крыжоў, у тым ліку на месцах вялікіх ямін-магіл, дзе былі знойдзены чалавечыя парэшткі. Нашчадкі расстраляных наведваюць гэтыя мясціны на Радаўніцу і на Дзяды.

Актывісты сабралі ўспаміны мясцовых жыхароў, якія яшчэ памяталі пра тыя страшныя падзеі, што адбывалася ў тутэйшых ваколіцах у 1937-38 гадах. А таксама высветлілі імёны прынамсі двух чалавек, што знайшлі каля Хайсоў апошні спачын: гэта Антон Рамашка, старшыня калгаса "Прызыў" з вёскі Рашоткі Віцебскага раёна,  і Вольга Данцыт - ураджэнка  вёскі Матушова Лёзненскага раёна,  настаўніца латышскай школы N30 г. Віцебска. Устанавіць асобу першага ўдалося дзякуючы аповедам мясцовых жыхароў, а на "след" жанчыны даследчыкаў таксама вывеў артэфакт - грабенчык ў напісаным імем м часткай прозвішча.  

Мясцовыя ўлады не спрыяюць ні даследаванням, ні захаванню памяці пра расстраляных

Неабыякавыя людзі не аднойчы звярталіся ў мясцовыя органы ўлады з просьбай мемарыялізаваць месца, дзе ў зямлі некалькі дзесяцігоддзяў ляжалі чалавечыя парэшткі. Вядома пра іх стала «дзякуючы» працы «чорных капальнікаў»: у пошуках зброі ці каштоўнасцяў яны выкідалі косткі на паверхню, і вяскоўцы натыкаліся на іх у лесе. Калі ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы- віцебскія Курапаты» паведамілі пра гэта ў Мазалаўскі сельсавет, кіраўніцтва было вымушана запрасіць 52-гі пашуковы батальён і правесці эксгумацыю парэшткаў.

Праўда, актывістаў не дапусцілі назіраць за раскопкамі, а пазней ім агучылі гатовыя высновы вайсковых археолагаў. Маўляў, косткі належаць ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, а «сталінскіх» расстрэлаў тут ніколі не было – хаця вяскоўцы -старажылы згадвалі зусім іншае.

Але нават цяпер, калі паўсюдна гучыць тэма «генацыду беларускага народа», у Хайсах пад Віцебскам улады не праяўляюць ініцыятывы ўсталяваць памятны знак «ахвярам вайны». Відаць, усё ж разумеюць, што гэта будзе блюзнерствам. Аднак самаробны мемарыял, створаны ў памяць пра расстрэлы бязвінных людзей, нехта планамерна разбурае, і не падобна, каб гэта былі звычайныя хуліганы.

Віталь Заблоцкі