Ілюстрацыйнае фота Cуды ў Мінску і іншых гарадах працягваюць 13 лістапада разглядаць адміністрацыйныя справы удзельнікаў акцый і тых, каго затрымлівалі кропкава ў мінулыя выходныя і раней.

Суд Слуцкага раёна асудзіў 13 лістапада 29-гадовага Рамана Караневіча на тры гады пазбаўлення волі калоніі за супраціў міліцыянту 10 жніўня паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса. Менавіта такое пакаранне прасіў прызначыць хлопцу пракурор Аляксей Крот. Прысуд вынес суддзя Аляксандр Шутко. Пасля абвяшчэння прысуду маму Рамана забрала хуткая – ёй стала кепска.  Нагадаем, Рамана Караневіча затрымалі 10 жніўня ў Слуцку. Пасля затрымання хлопец апынуўся ў шпіталі з траўмаваным хрыбетнікам. Пацярпелы міліцыянт Іван Ганчарэвіч сцвярджае, што пры затрыманні Раман ударыў яго каменем па галаве і ў яго пайшла кроў. Раман сцвярджае, што кінуў камень і не бачыў нават куды. 

Марыя Калеснікава пад час суда. Фота: Еўрарадыё Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб, якія датычныя да затрымання і ціску на сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву.               

Суд Цэнтральнага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе падчас сутыкненняў сілавікоў і пратэстоўцаў, якія выступалі супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкала. Супрацоўнік мінскага АМАПу пасля некалькіх удараў яго Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, але крымінальную справу на хлопца распачалі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса – гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Хлопец прызнаў віну цалкам і паспеў пакрыць маральную шкоду сілавіку ў памеры тысячы рублёў, але дзяржаўны абвінаваўца ўсё роўна просіць суд пакараць яго трыма гадамі пазбаўлення волі. "Вясна" распавядае пра абставіны справы і пра суд. 21-гадовага Антона Лакішыка затрымалі 14 ліпеня каля метро "Няміга". У той вечар мінчукі выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыка і Валерыя Цапкала. У некаторых пунктах горада назіраліся жорсткія сутыкненні з сілавікамі. Па інфармацыі "Вясны" 14 ліпеня ў Мінску было затрымана мінімум 330 чалавек. Момант затрымання Антона трапіў на фота "Вясны". На ім два супрацоўнікі АМАПу вядуць хлопца ў аўтазак. Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе АМАПавец Яўген Дудкін – у судзе пацярпелы.

Фота: t.me/pressmvd У прыгарадзе Мастоў сталі з'яўляцца пудзілы праваахоўнікаў і труны з "цынічнымі" надпісамі. У гэтым абвінавацілі 38-гадовага гараджаніна і распачалі крымінальную справу за хуліганства (арт. 339 КК), паведамляе прэс-служба МУС. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе hrodna.life

Скрыншот з відэа затрымання 11 лістапада. Вечарам 11 лістапада ў Мінску на Плошчы Перамен невядомыя накінуліся на мясцовых жыхароў.

Гвалт і катаванні ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту не спыняюцца ў Беларусі і па сённяшні дзень. Новыя выпадкі сталі вядомыя праваабаронцам пасля разгону мірнага шэсця ў Мінску 8 лістапада, калі ў шпіталі патрапілі дзесяткі людзей са слядамі збіцця і іншымі траўмамі, атрыманымі ад дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур. Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў працягвае кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў. Вашы гісторыі і сведчанні стануць доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

13-ы выпуск праваабарончага падкаста "Вясна прыйдзе" прысвечаны адной з нядзель у Мінску – 25 кастрычніка. Але дата тут не зусім важная, бо такая нядзеля — кожная.

Увечары 12 лістапада стала вядома, што ў БХМД памёр Раман Бандарэнка, якога 11 лістапада ў лякарню даставіла хуткая дапамога з Цэнтральнага РУУС Мінска. Праваабарончы цэнтр "Вясна" патрабуе узбуджэння крымінальнай справы, правядзення расследавання і пакарання вінаватых у смерці Рамана. "Сеньня памёр актывіст Раман Бандарэнка. Ен быў затрыманы на адным з  мінскіх двароў невядомымі людзьмі, хутчэй за ўсё пераапранутымі міліцыянерамі, якія прыехалі туды здымаць бела-чырвона-белыя стужкі, — кажа старшыня  ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. —“Невядомыя” перадалі Рамана нараду міліцыі, затым яго жорстка збілі ў мікрааўтобусе. У выніку Раман атрымаў чэрэпна-мазгавую траўму і ў цяжкім стане быў дастаўлены ў міліцыю. Там яму яшчэ дзве гадзіны не выклікалі хуткую дапамогу. Дактары не змаглі выратаваць Раману Бандарэнку жыццё.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Наталлі Раентавай, якая пры затрыманні 29 жніўня ў тралейбусе пасля Жаночага маршу салідарнасці ўкусіла супрацоўніка АМАПа за сцягно. Справу кваліфікавалі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу. На трэці дзень судовага разгляду па хадайніцтве абароны Наталлі Раентавай дзяўчыну адправілі на судова-псіхалагічную экспертызу, каб устанавіць, ці не знаходзілася яна падчас укусу ў стане афекту і ці ўсведамляла яна свае дзеянні ў той момант у поўнай меры. Наталля Раентова ў судзе. Фота: spring96.org