Па выніках студзеня-жніўня 2014 году Віцебшчына заняла апошняе месца ў краіне па будаўніцтве жытла. За восем месяцаў бягучага году арганізацыямі Віцебшчыны ўсіх формаў уласнасьці пабудавана 3 тыс. новых кватэр (у студзені-жніўні 2013 году - 2,1 тыс. кватэр). Уведзена ў эксплёатацыю 221,8 тыс. квадратных мэтраў агульнай плошчы жытла, што складае 54,1% да прадугледжанага заданьня на год і 127% да ўзроўню студзеня-жніўня 2013 году, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці выявіла ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Лёзьненскі лясгас” грубыя парушэньні патрабаваньняў ляснога заканадаўства пры ажыцьцяўленьні нарыхтоўкі драўніны, а таксама факты безгаспадарчасьці. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Супрацоўнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі сабралі паўтары тысячы подпісаў у абарону гендырэктара Ганны Шарэйка, якую абвінавачваюць у «злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі»

У офісе касмэтычнай фірмы Avon у Воршы па вул. Герцэна, 4 можна азнаёміцца з улёткай данецкіх тэрарыстаў. Улётка называецца “Фонд дапамогі Наваросіі” і ўтрымлівае фатаграфіі Стралкова-Гіркіна, Бабая і іншых дзеячаў так званай Данецкай народнай рэспублікі. Пра тое, як такая ўлётка зьявілася ў офісе вядомай касмэтычнай фірмы, інфармацыі няма.

19 верасьня кіраўнік Беларусі наведаў ільнопрадпрыемствы ў Аршанскім раёне. Ён заявіў, што трэба адрадзіць ранейшую славу беларускага лёну: “Мы ўмеем працаваць зь лёнам, вырабляць зь яго тканіны, і страціць гэтую школу нельга, мы папросту ня маем на гэта права”.