Чацвер, 19 Ліпень 2018

Дыплямат зь Нідэрляндаў наведаў Полацак. Сустракаўся з актывістамі прафсаюзу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Паўл ван Oоствэйн, Мікола Шарах, Віктар Стукаў Паўл ван Oоствэйн, Мікола Шарах, Віктар Стукаў

Часовы павераны ў справах Каралеўства Нідэрляндаў у Рэспубліцы Беларусь спадар Паўл ван Oоствэйн працягвае падарожнічаць па Віцебшчыне. 18 ліпеня дыплямат сустрэўся з полацкімі прафсаюзнымі актывістамі Віктарам Стукавым і Міколам Шарахам.

Сустрэча адбылася з ініцыятывы спадара Ооствэйна ў офісе пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно».

«Беларусь актыўна гандлюе з нашай краінай. Гэта добра, але ў нас вельмі мала ведаюць пра Беларусь, таму нас таксама цікавіць сытуацыя з правамі чалавека і выкананьне правоў прафсаюзаў», – растлумачыў прадстаўнік Каралеўства.

Актывісты падзяліліся са спадаром Ооствэйнам расповедамі пра гісторыю незалежнага прафсаюзнага руху ў рэгіёне, расказалі пра стаўленьне адміністрацыі прадпрыемства і мясцовых уладаў да пяршоўкі і чальцоў Свабоднага прафсаюзу. Апячатаныя адміністрацыяй прадпрыемства электравыключальнікі і разэткі ў офісе надзвычай выразна пацьвердзілі сказанае.

Працаваць Свабоднаму прафсаюзу ў Полацку даводзіцца ў цяжкіх варунках. Сьведчаньнем парушэньня права на аб'яднаньне ў прафсаюзы ёсьць такія падзеі апошніх двух гадоў:

  • Забарона на правядзеньне масавых мерапрыемстваў прафсаюзу
  • Штрафы прафсаюзным актывістам за прафсаюзную дзейнасьць
  • Ператрус у офісе Свабоднага прафсаюза рабочых заводу «Полацак-Шкловалакно»
  • Затрыманьні прафсаюзных актывістаў са зьмяшчэньнем старшыні ў ІЧУ на трое сутак
  • Паклёп і абразы прафсаюзных актывістаў у сацыяльных сетках
  • Забарона на пералічэньне прафсаюзных унёскаў рабочымі заводу
  • Арышт банкаўскага рахунку прафсаюзу і арышт маёмасьці прафсаюзу
  • Адмова працадаўцы ад калектыўных перамоваў з прафсаюзам
  • Забарона на наведваньне прадпрыемства прафсаюзнымі прадстаўнікамі.

«Мы будзем рады, калі ў Галяндыі даведваюцца пра Беларусь больш», – заявілі пасьля сустрэчы прафсаюзныя актывісты.

Спадар Паўл ван Oоствэйн паабяцаў праінфармаваць ўрад сваёй краіны пра пачутае.

У гэты самы дзень у часовага паверанага Нідэрляндаў у Беларусі ўжо адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам ААТ «Нафтан» і кіраўніцтвам Наваполацкага гарвыканкаму ды Полацкага ўнівэрсытэту.

Аляксандaр Марозаў